Барсум атакує. Генадзь Аўласенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Барсум атакує - Генадзь Аўласенка страница 4
Цікава толькі, ці ведае аб усім гэтым міс Мерыдыт? Хутчэй за ўсё – не, бо яна такі абуральны выпадак проста так не пакінула б…
– Слухай, Алаф, – нечакана перайшоў на «ты» містэр Уінсан, – а, можа, мы з табой… па капялютцы? У мяне ў кабінеце зусім выпадкова засталося яшчэ… – ён змоўк, не дагаварыўшы, і яшчэ раз ікнуў. – Прашу прабачэння!
– Гэта я прашу прабачэння, містэр Уінсан, – падкрэслена ветліва прагаварыў Свенсан. – Вялікі дзякуй за прапанову, але… – не дагаварыўшы, ён змоўк, паглядзеў на гадзіннік. – Не п’ю.
– Што, зусім? – недаверліва спытаўся містэр Уінсан. – Зусім не ўжываеш?
– У рабочы час не ўжываю, – сказаў Свенсан. – І вам не раю. Каб зноўку радыкуліт на лесвіцы не прыхапіў, а то гэта такая штука непрыемная, ведаеце…
І ён рушыў далей, пакінуўшы містэра Уінсана ў адзіноце і поўнай узрушаннасці пачуццяў. Нетаропка спусціўся на першы паверх і ўжо дайшоў нават да гардэробу, як раптам успомніў аб міс Мерыдыт і сваім абяцанні зайсці да яе праз паўгадзіны.
Дарэчы, яны амаль прайшлі, гэтыя паўгадзіны…
Прыйшлося тэрмінова узнімацца зноў на другі паверх.
Кабінет дырэктара гімназіі Свенсан наведваў толькі аднойчы, у час свайго прыёму на работу, і ўжо тады кабінет гэты ўразіў яго сваёй незвычайнай сціпласцю і невялікімі памерамі. У кабінеце не толькі не было нічога лішняга… многае з таго, што, па меркаванню Свенсана, проста жыццёва неабходна дырэктару даволі буйнай сталічнай гімназіі тут таксама адсутнічала. Стол, некалькі крэслаў, чорная матавая сцяна-экран з аднаго боку і сцяна-шафа з супрацьлеглага.
І вялізнае акно за спіной дырэктара, закрытае зараз спектральнымі жалюзямі. Жалюзі гэтыя выбарачна прапускалі сонечнае святло… зараз, да прыкладу, яны былі адрэагуліраваныя так, што прапускалі толькі блакітна-зялёную частку спектра…
– Можна? – сказаў Свенсан, уваходзячы.
Пытанне гэтае было залішнім, бо толькі што гэтае ж пытанне Свенсан задаваў сакратарцы дырэктара.
– Заходзьце! – сказала міс Мерыдыт, паказваючы рукой на крэсла па той бок стала. – Сядайце!
– Дзякую!
Свенсан асцярожна апусціўся ў ажурнае, занадта нетрывалае на выгляд крэсла і застыў у чаканні. Бо ён ужо добра ведаў, аб чым зараз будзе ісці гутарка. І міс Мерыдыт таксама ведала, што ён ведае аб гэтым…
– Я слухаю! – сказаў Свенсан, калі зразумеў, нарэшце, што агульнае іх маўчанне пагражае зацягнуцца да бясконцасці. –