Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 32
– З левага боку ля дзвярэй канцылярыі стаіць плявальніца, там бываюць акуркі, – навучаў Швейка адзін з арыштантаў. – I на другім паверсе таксама пройдзеш міма адной. Лесвіцу мятуць у дзевяць, дык сёе-тое яшчэ можна будзе знайсці.
Але Швейк не апраўдаў іх спадзяванняў. Болей у шаснаццатую ён не вярнуўся. Дзевятнаццаць споднікаў разважалі ды меркавалі аб гэтым самае рознае. Нейкі рабаціністы апалчэнец, які вызначаўся самай буйнай фантазіяй, аб’явіў, што Швейк страляў у свайго капітана і сёння яго павялі на Мотальскі пляц на расстрэл.
Раздзел X. Швейк дзеншчыком у фельдкурата
I
Далей Швейкава адысея працягваецца пад ганаровым эскортам двух салдат, узброеных вінтоўкамі з прымкнутымі штыкамі. Яны яго павінны былі даставіць да фельдкурата.
Яго канваіры ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго: калі адзін з іх быў цыбаты, то другі – невысокі таўстун. Бамбіза кульгаў на правую нагу, малы салдат – на левую. Абодва служылі ў тыле, бо яшчэ да вайны былі падчыстую вызвалены ад вайсковай службы. З сур’ёзным выглядам яны ступалі па бруку, зрэдчасу спадылба зіркаючы на Швейка, які крочыў пасярод і казыраў каму папала. Яго цывільнае адзенне згубілася на складзе гарнізоннай турмы разам з вайсковай фуражкай, у якой ён ішоў на прызыў. Перш чым яго выпусціць, яму выдалі стары мундзір, які раней належаў нейкаму пузану, на галаву вышэйшаму за Швейка. У штаны, якія былі на ім, улезла б яшчэ тры Швейкі. Бясконцыя фалды ад ног аж да грудзей – а штаны сягалі аж да шыі – мімаволі прыцягвалі ўвагу разявак. Вялізная брудная і зашмальцаваная гімнасцёрка з латкамі на локцях калацілася на Швейку, як каптан на агародным пудзіле. Штаны віселі, як у клоуна ў цырку. Вайсковая фуражка, якую яму таксама падмянілі ў гарнізоннай турме, спаўзала на вушы.
На рогат разявак Швейк адказваў мяккай усмешкай і цёплым ласкавым поглядам сваіх добрых вачэй.
Такім парадкам і падыходзілі яны да Карліна, дзе жыў фельдкурат. Першы прамовіў да Швейка малы таўстун.
– Адкуль ты? – спытаў ён.
– З Прагі.
– А не ўцячэш ад нас?
У размову ўмяшаўся бамбіза. Надта цікавая з’ява: калі малыя таўстуны бываюць па большай частцы дабрадушнымі аптымістамі, то цыбатыя і падгалістыя, наадварот, пераважна скептыкі. Таму цыбаты і сказаў малому:
– Каб мог, то ўцёк бы!
– А на якое ліха яму ўцякаць? – азваўся малы таўстун. – Ён і так на волі, не ў гарнізоннай турме. Во нясу тут, у пакеце.
– А што там, у тым пакеце для фельдкурата? – спытаў бамбіза.
– Не ведаю.
– Вось бачыш, не ведаеш, а гаворыш.
Карлаў мост прайшлі ў поўным маўчанні. А на Карлавай вуліцы малы таўстун зноў загаварыў са Швейкам.
– Не ведаеш, навошта мы цябе вядзём да фельдкурата?
– На споведзь, – нядбайна адказаў Швейк. – Заўтра мяне будуць вешаць. Так заўсёды робіцца. Як гаворыцца, для заспакаення