Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 27
Апарат вайсковых суддзяў быў раскошны. Такі судовы апарат ёсць у кожнай дзяржавы, якая знаходзіцца напярэдадні агульнага палітычнага, эканамічнага і маральнага заняпаду. Бляск былой моцы і славы ахоўваўся судамі і паліцыяй, жандармерыяй і прадажнай хеўрай даносчыкаў. У кожнай вайсковай часці Аўстрыя мела сваіх шпіцляў, якія выдавалі сваіх сяброў, тых, з якімі спалі на адных нарах, а на маршы дзяліліся кавалкам хлеба.
Усё новы матэрыял пастаўляла ў гарнізонную турму і дзяржаўная паліцыя. Вайсковая цэнзура скіроўвала сюды аўтараў ліставання паміж фронтам і тымі, хто ў роспачы заставаўся дома, і вайсковы суд паяў ім па дванаццаць гадоў турмы за словы ўцехі або за апісанне галечы, якая панавала на радзіме салдата.
З Градчанскай турмы адна з дарог вяла праз Бржэўнаў на Мотальскі пляц. Наперадзе ў суправаджэнні салдат ішоў чалавек з кандаламі на руках, а за ім ехала падвода з дамавінай. На Мотальскім пляцы гучала каманда: «An! Feuer!» і па ўсіх палках і батальёнах зачытвалі палкавы загад аб тым, што яшчэ адзін расстраляны за «бунт», усчаты з-за таго, што ў час прызыву капітан сек шабляй яго жонку, што ніяк не магла адарвацца ад мужа.
A ў гарнізоннай турме тройца: штабны турэмны наглядчык Славік, капітан Лінгарт і фельдфебель Ржэпа, празваны «катам», апраўдвалі сваё прызначэнне. Колькі людзей закалацілі яны ў адзіночках! Магчыма, капітан Лінгарт і сёння у рэспубліцы застаецца па-ранейшаму капітанам. Тады я жадаў бы, каб яму залічылі гады службы ў гарнізоннай турме. Славіку і Кліму дзяржаўная паліцыя ўжо залічыла іх стаж. Ржэпа зноў зрабіўся цывільным і надалей выконвае сваё рамяство майстра-муляра. Можа, нават з’яўляецца членам патрыятычных таварыстваў у рэспубліцы.
Штабны наглядчык Славік у рэспубліцы зрабіўся злодзеем і зараз сядзіць у турме. Не змог, небарака, уладкавацца ў рэспубліцы гэтак жа прывольна, як іншыя паны вайскоўцы.
Зусім натуральна, што штабны наглядчык Славік, прымаючы Швейка, кінуў на яго погляд, поўны нямога папроку.
– Мы табе, хлопец, жыццё тут асалодзім як мае быць. I табе, і ўсім, хто папаўся ў нашы рукі. А нашы рукі – гэта вам не дамскія ручкі.
I каб дадаць вагі сваім словам, ён прыклаў свой здаравенны жылісты кулак Швейку да носа і сказаў:
– Панюхай, чым пахне, падлюга! Швейк панюхаў і сказаў:
– Такім кулаком я не хацеў бы атрымаць па носе. Пахне могілкамі.
Спакойная, разважлівая гаворка Швейка спадабалася штабному турэмнаму наглядчыку.
– Гэй ты! – раўнуў ён, тыцнуўшы Швейка кулаком у жывот. – Стой смірна! Што ў цябе ў кішэнях? Калі маеш сігарэты, то можаш пакінуць іх сабе, а грошы давай сюды, каб не ўкралі. Больш няма? Сапраўды няма? Не хлусі! Хлусня караецца.
– Куды яго сунем? – спытаў фельдфебель Ржэпа.
– У шаснаццатую, – вырашыў наглядчык, – да беспарточнікаў. Хіба не бачыце, што напісаў на суправаджальнай паперы капітан Лінгарт: «Streng