Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 24
Небарака баранеса ведаць не ведала, што гэта такое ляжаць у шпіталі пры гарнізоннай турме. Яе візітная картка расчыніла перад ёю дзверы турмы, а ў канцылярыі да яе паставіліся выключна прыязна і праз пяць хвілін яна ўжо ведала, што «der brave Soldat» Швейк, пра якога яна распытвала, ляжыць у трэцім бараку, ложак № 17. Яе суправаджаў доктар Грунштэйн, які зусім ачмурэў ад гэтага візіту.
Швейк пасля звыклага штодзённага тура, прызначанага доктарам Грунштэйнам, якраз сядзеў на ложку, абкружаны грамадой схуднелых і згаладалых сімулянтаў, якія да гэтага часу не здаліся і ўпарта працягвалі змагацца са строгай дыетай доктара Грунштэйна. Калі б хто іх паслухаў, то падумаў бы, што апынуўся сярод кулінараў вышэйшай кухарскай школы або на нейкіх гастранамічных курсах.
– Нават самыя звычайныя свіныя скваркі можна есці, пакуль яны цёплыя, – апавядаў адзін, які ляжаў з «застарэлым катарам страўніка». – Калі сала пачне сквірчэць, адцісні іх, пасалі, паперчы, і тады, скажу я вам, ніякія гусіныя скваркі з імі не зраўнуюцца.
– Вы гэта пра гусіныя скваркі дарэмна, – сказаў хворы на рак страўніка, – нічога няма лепей за гусіныя скваркі! Ну, куды там да іх скваркам са свінога сала! Вядома, гусіныя скваркі павінны смажыцца да таго часу, пакуль не зробяцца залатымі. Так робяць яўрэі – возьмуць тлустую гусь, здымуць са скуры сала і вытопліваюць.
– Здаецца, вы памыляецеся наконт свіных скварак, – зазначыў сусед Швейка. – Само сабой, я гавару пра скваркі з хатняга свінога сала. Іх так і называюць – хатнія скваркі. Яны не павінны быць ні карычневымі, ні залатымі, а чымсьці сярэднім. Такія скваркі не павінны быць ні занадта мяккімі, ні занадта цвёрдымі. Не павінны яны і хрусцець. Калі хрусцяць, то, значыцца, перасмажаныя. Яны павінны раставаць на языку… але ў вас не павінна ўзнікаць уражанне, што сала цячэ па барадзе…
– А хто з вас каштаваў скваркі з конскага сала? – азваўся нечы голас, якому ніхто не адказаў, бо ўбег фельчар.
– Усе ў ложкі! Сюды ідзе нейкая вялікая княгіня. Не вытыркайце з-пад коўдры свае брудныя ногі!
Нават вялікая княгіня не магла б увайсці так урачыста, як гэта зрабіла баранеса фон Батцангейм. За ёй цягнулася цэлая працэсія: тут быў і бухгалтар шпіталя, які ў гэтым візіце бачыў таемную руку рэвізіі, якая можа адкінуць яго ад сытай кармушкі ў тыле ва ўладу шрапнелі і драцяных загарод перадавой пазіцыі. Ён быў белы. Яшчэ больш белы быў сам доктар Грунштэйн. Перад вачыма ў яго скакала маленькая візітная картка старой баранесы з тытулам «удава генерала» і ўсё, што магло быць звязана з гэтым тытулам: уплывовыя сувязі, пратэкцыі, скаргі, перавод на фронт і іншыя жахлівыя рэчы.
– Гэта Швейк, – сказаў доктар са штучным спакоем, падводзячы баранесу да ложка Швейка. – Усё пераносіць вельмі цярпліва.
Баранеса фон Батцангейм села на прыстаўленае да Швейкавага ложка крэсла і сказала:
– Чэскі зальдат, допры зальдат, калека зальдат, храбры зальдат. Я вельмі люблю