На крок назад, на дзень наперад (зборнік). Сяргей Календа

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа страница 5

На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа

Скачать книгу

калі мінуў толькі першы месяц вучобы, я значна прасунуўся ў музычнай тэхніцы і быў вельмі шчасьлівы з гэтае нагоды. Я ўпершыню разумеў клярнэт, музыку, я пачынаў гэта любіць, нягледзячы на тое, што музычная школа палохала сваімі старымі й шэрымі клясамі, у якіх па ўсіх кутках чуліся дзіўныя шоргаты й іншыя гукі, ад чаго бегалі мурашкі па сьпіне. Час ад часу я нават бачыў пацукоў ці мышэй, ня ведаю: кожны раз было цяжка вызначыць праз эканомна-змрочныя саракаваткі, самотна разьмешчаныя на кожных дзесяці мэтрах доўгіх калідораў. Я бачыў іх толькі мімаходзь…

      Год вучобы праляцеў непрыкметна, у актыўных трэніроўках па некалькі гадзінаў на дзень. Гэты пажылы армянін абудзіў ува мне жаданьне пісаць музыку. Я з задавальненьнем слухаў яго пахвальбу на мой адрас, у яго былі пляны наконт мяне. Ён разгледзеў ува мне талент. Дома я ствараў маленькія пʼескі й потым запісваў іх на касэту.

      Аднойчы ўвесну, калі я ўжо трэці год займаўся музыкай, здарылася адна падзея…

      У вокны клясы ярка сьвяціла сонца, ад ягонага цяпла я зусім разамлеў і не хацеў граць, а Лявон Рубэнавіч, пасмоктваючы валідол пасьля пяціхвіліннага крыку й шпурляньня алоўкаў і асадак у розныя бакі, супакоіўся ад стрэсу й задрамаў. Я думаў, што мне далей рабіць: чакаць, калі ён прачнецца, ці сыходзіць дадому. І раптам Акапджанян расплюшчыў вочы й сказаў:

      – Хлопчык мой, Гераньчык, я цябе на каленях прашу, ня горбся й не разьдзімай шчокі, і не запінайся, грай, добра грай! – яго голас гучаў спакойна. – Ідзі, калі ласка, да шафы, стань да яе сьпінаю, зрабі сьпінку роўнай-роўнай і грай! – голас трохі раздражняўся, яго відавочна дастала, што я ня мог сабрацца й добра адыграць пʼесу Шумана "Мроі".

      І я пачаў граць усё, што ведаў, нават усе існыя гамы, сьпіна была ідэальная, шчокі не разьдзімаліся, але здрадліва пачалі падступаць сьлёзы. І мне стала так крыўдна! Так крыўдна, невыносна крыўдна! І сьлёзы, нарэшце, пацяклі самі сабою, яны струменіліся па шчаках і капалі на вопратку, а я ўсё граў і граў, зь неверагоднай злосьцю й так віртуозна, як ніколі ў жыцьці…

      – О-о-о! Так! Гэта зусім іншая справа, гэта вельмі добра, хлопчык мой, гэта шык, кляс! Паміж небам і зямлёю! – настаўнік ад задавальненьня мружыў вочы й падскокваў у такт на крэсьле ад захапленьня.

      І тут нечакана пачуўся стук у дзьверы. Настаўнік спытаў хто і запрасіў заходзіць. На парозе стаяла сьціплая жанчына зь дзіцем. Яна прыйшла пабыць на ўроку й паказаць сыну, каб зацікавіць яго музыкай.

      – Мадам, паглядзіце на гэтага вучня, – зьвярнуўся да яе Лявон Рубэнавіч й паказаў пальцам у мой бок – дыямант! Плача, але грае! Талент!

      У хлопчыка і ў ягонай маці вочы сталі квадратныя ад аднаго майго выгляду ў сьлязах. Яны самі прынялі неверагодна жаласны выгляд і быццам уціснуліся ў дзьверы, намагаючыся выйсьці.

      Пазьней, у наступным навучальным годзе, я гэтага хлопчыка бачыў каля кабінэту цымбал. Мяне расьсьмяшыла, што ён абраў цымбалы. І я падумаў, які ж ён дурны – губляць настаўніка, які быў сябрам Шастаковіча й Хачатурана.

Скачать книгу