Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў страница 21
Вятрыска шпурнуў у аконную шыбу жменю лёгкага пяску, следам паляцелі галінкі ссохлай вішні, што стаяла пад вокнамі, па даху штосьці настойліва заляскатала – ці не адарвалася шыферына, – і Макеіха, падхапіўшыся на ногі, улякнута заенчыла:
– Авой-авой, а ў мяне ж парнік не зачынены! Парве ветрам! Па-старэчы трымаючыся за паясніцу, хістаючыся, як качка, Макеіха кінулася ў сені.
– Плашч накінь, змокнеш! – крыкнула ўслед ёй Аўрора Леанідаўна і таксама падалася з хаты.
…Поліэтыленавы парнік і сапраўды хадзіў ходырам і ўжо гатовы быў сарвацца з месца. Макеіха толькі і паспела прычыніць парніковыя дзверцы, як наляцела залева. Буйныя кроплі секанулі па твары – старой нават падалося, што гэта былі не кроплі, а дробныя каменьчыкі, – і сярод пошуму ветру і лапацення кропель па напятым поліэтылене пачула немы вокліч:
«Глянь, ляціць!» І цяжка было зразумець, хто гэта крыкнуў: ці то суседка Аўрора, што стаяла на ганку, ці то сам Пярун са свайго грымотнага прадоння.
Штосьці вялізна-шаргатлівае мільганула над галавой, і ў той жа момант усё знікла: і сагнутыя ў дугу бярэзіны на ўзмежку агарода, і раз’юшаныя бліскі маланкі ў небе, і попельна-шэрая завеса дажджу навокал. Стала задушна, цёмна, і толькі кроплі-шраціны аглушальна ляскаталі дзесьці над самай галавою.
«Смертухна мая прыйшла», – з гэтай думкай старая прапаўзла пару метраў, але тут жа і самлела, тыцнулася носам у качан лапушыстай капусты.
– Дзе ты? – крыкнула тым часам Аўрора Леанідаўна, але вокліч яе пакрыў аглушальным выбух грому.
Напачатку Аўрора падумала, што Макеіха прыхавалася ад дажджу пад піўным намётам, што гэтак дарэчы абрынуў з неба, а потым, крыкнуўшы яшчэ раз, з жахам падумала, што небараку прыбіла маланкай.
Дождж лупіў як мае быць, і на двары ўтварылася разлеглая лужына, якую раз’юшана бамбардзіравалі непамерна вялікія кроплі. Аўрора скочыла з ганка, паслізнулася, плюхнулася ў лужу. Памкнулася ўстаць, ды неба над галавой раздзерла траскучая маланка, і выбірацца з лужы давялося на карачках.
Сцяна дажджу была такой шчыльнай, што за два метры не было нічога бачна, дый вочы засцілі струмені вады. Залева прыбіла піўную летамку да зямлі, яна пляската ляжала на лехах і толькі ў адным месцы прыкметна пукацілася.
– Ці жывая ты? – запыталася Аўрора, абмацаўшы Макеішын азадак. – І праз шалёнае лапаценне дажджу аб цырату Аўроры падалося, што пад намётам ціха застагналі. Кабета адкінула намёт, схапіла небараку пад пахі, паспрабавала сцягнуць з капусных лехаў.
– Суседаўна, чуеш?… толькі не памірай!
Макеіха, падобна, была жывая, бо пад пахамі ў яе было цёпла і вусны злёгку варушыліся. Падцягнуўшы суседку да паркана, Аўрора зморана плюхнулася на лясе, уголас пралепятала:
– Божухна, а куды ж я цябе цягну?
Перабіраючы рукамі штыкеціны, жанчына стала выбірацца з агарода, падабрала па дарозе