Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў страница 19
– А ты што, збіраешся назад ляцець? – пытаецца Джоленан.
Я моўчкі ківаю ў адказ, і свядомасць маю апаляе панічная думка: «А як я дакажу, што бачыў “Бітлз”? З мяне ж толькі пасмяюцца». Наагул, я не люблю нічога прасіць, але тут выключны выпадак.
– Ці не маглі б вы мне падараваць сваю кружэлку? У брата ёсць адна, але русічка капэрту падзерла.
– На жаль, мы з сабой кружэлак не носім, – з уздыхам прамаўляе Джоленан і нечакана здымае з шыі электрагітару. – На вось, аддай брату.
Я спалоханымі вачыма гляджу на гітару, потым на Джоленанавых сяброў, і тыя ўхвальна ківаюць галовамі.
– Бяры, бяры, – кажа Рынгастар, – гэта падарунак ад усіх нас.
Я бяру гітару. Яна цяжкая, і ад рэменя прыемна пахне навюткай скурай.
– А можа, застанешся? – пытаецца Джоленан. – Сходзіш на наш канцэрт…
Я рашуча трасу галавой. Як я магу застацца, калі там, на другім канцы Зямлі, мяне чакаюць Мішка Зыль і Галка Патрыкеева?
Я павінен усё запомніць: рамонкавую паляну, празрыстае неба, вялізную яму з брустверам свежай зямлі па краях. Музыкі стаяць каля яміны дакладна ў тых жа паставах, што і на капэрце. Я нават заўважаю, што Джоленанавыя нагавіцы пукацяцца на каленях.
Набіраю поўныя лёгкія паветра, нырцую ў апраметную, і слых мой поўніцца злавесным гудам электрабрытвы. Гэта Юрка голіцца ў ванным пакоі. Я пасміхаюся спрасонку. Ну што там галіць – так, адзін пух на барадзе, але братан шторанку зумкае электрабрытвай. Відаць, таму, што зумкалкі такой няма ва ўсім горадзе. Шведская, з ратацыйнымі лёзамі. Бацька прывёз з-за мяжы.
Юрка гучна, са свістам, дзьмухае – выдзімае з брытвы пух, і неўзабаве крычыць:
– Уставай, лежань!
Я падымаюся, у два крокі падыходжу да серванта, уважліва гляджу на фотаздымак, і мне здаецца, што Джоленан пазмоўніцку міргае мне правым вокам. Хоць і спраўна склеіў капэрту, але месца разрыву белай рысай бяжыць па паперы і верхні край прыкметна пакамечаны. Я азіраюся – ці не йдзе братан – і тут жа спалохана падскокваю: гэта кот Маркіз вырашыў пацерціся аб маю голую галёнку.
Карты не хлусяць
Па абедзе ўсчалася задуха і паветра стала такім густым, што яго, здаецца, можна было памацаць рукамі. Вуліца Прафінтэрнаўская ўражвала сваёй пустэльнасцю – нават куры, тутэйшыя заўсёднікі, некуды пахаваліся, – і толькі ў дальнім яе канцы, насупраць харчовай крамы, завіхаліся трое мужчынаў. Мужчыны ставілі піўную летамку – даўжэзную, падобную да авіяцыйнага ангара, з малюнкам пеністага кухля на тарцы і надпісам «Богров» на франтоне.
Вуліца была спрэс забудаваная драўлянымі хацінамі, і ў адной з хат – трэцяй па ліку, калі лічыць ад крамы, – сядзелі дзве старыя кабеты. Адна з іх, Макеіха, мажная целам і з твару непрывабная; другая, Аўрора Леанідаўна – былая настаўніца – на два гады маладзейшая, густа-сівая, сухарэбрая і, як той Бураціна, вастраносая.
Сухарэбрыца