Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў страница 23
– Цэмент, – уголас прашапталі хлопцы і разам паглядзелі на дзеда.
– Ну што, дзядуля… дзе твая бронза? – голас Міколавы дрыжэў, як авечы хвост. – Папёрліся… з цёмнага рана… поомнік… бро-онзавы… – унук мацюкнуўся, падцягнуў трусы і рушыў да «Беларуса» – дапіваць рэшткі гарэлкі.
Добрых паўгадзіны хлопцы моўчкі ляжалі на траве, смалілі цыгарэты, нарэшце Гасюта падняўся на ногі і, кіўнуўшы ў бок камлыгі, запытаў:
– Дык што, адвязваем?
– Ды не-е… – прыспана прамовіў Мікола, – цягні да дзедавай хаты. Будзе ведаць, як народу мазгі дурыць.
– Ты што, ашалеў? Навошта мне гэтая халера! – крыкнуў дзед Трахім, але Гасюта тым часам ужо залез у кабінку, паддаў газу, і цэментавая гаргара, пакідаючы пасля сябе глыбокую баразну, папаўзла па беразе.
Унук Мікола ўжо трэці тыдзень гасцяваў у дзедавай хаце. Адранку глушыў рыбу на рачных затоках, удзень непрабудна спаў, а ўвечары хадзіў у мясцовы клуб альбо піў гарэлку на пару з дзедавым суседам – трыццацігадовым механізатарам Гасютам. Вось і пазаўчора, узяўшы пляшку, унук выправіўся да суседа, але неўзабаве вярнуўся, цягнучы на плячы двухвядзёрны, ззелянелы ад часу самавар.
– У Гасюты… на гарышчы знайшлі, – патлумачыў унук, а калі дзед з усмешкай спытаў, навошта ён прыпёр гэтае ламачча, безнадзейна махнуў рукой і падаўся з хаты.
Наступным ранкам Мікола спаў даўжэй звычайнага, а прачнуўшыся, працягнуў няскончаную размову.
– Гэта, дзеду, не ламачча, а каляровы метал. Мне за яго тры тваіх пенсіі дадуць, – унук пацягнуўся, вохнуў і пачухаў абедзвюма рукамі свае пакусаныя камарамі і пабітыя аб рачныя карчажыны ногі.
Словы такія пакрыўдзілі дзеда.
– Мне маёй пенсіі хапае. Сорак гадоў адрабіў на чыгунцы. І табе даю… на пляшку, – буркнуў стары, пайшоў да дзвярэй і ўжо з парогу дадаў: – Тут, непадалёку, гэтага металу цэлая тона ляжыць.
Сказаў гэта дзед не падумаўшы, а калі падумаў, унук ужо стаяў на ганку і чухаў голае чэрава.
– Ты што, сапраўды ведаеш, дзе медзь прыхавана? Стары дастаў беламорыну, скамечыў набойніцу ў гармонік, потым выцягнуў запалкі, і ўнук, перахапіўшы пушку, паднёс запаленую сярнічку да дзедавага носа.
– У рацэ ляжыць, – выдыхнуў, разам з папяросным дымам, дзед Трахім, прысеў на край ганка і пасля глыбокай зацяжкі, ад якой нават пацямнела ўваччу, распавёў унуку гісторыю саракагадовай даўніны.
…Аднойчы, золкай восеньскай ноччу, Трахім пайшоў на раку ставіць донкі, і нечакана з прырэчных кустоў выйшаў міліцыянт у плашч-накідцы. Зыркнуўшы з-пад насунутага на вочы капюшона, міліцыянт загадаў тэрмінова пакінуць бераг, бо тут мусяць адбыцца вайсковыя вучэнні.
«Ці не пантонны мост наводзяць?» – падумаў Трахім, адышоў метраў на дзвесце і залёг за кустом – вырашыў паглядзець, як там усё будзе. Ляжаў доўга, здранцвеў увесь, хацеў быў ужо дахаты падацца, ды тут на бераг – з натужлівым