Коннік без галавы. Майн Рыд
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Коннік без галавы - Майн Рыд страница 42
– Так, ваша праўда, – паспяшалася яна адказаць тонам, у якім гучала нотка не то крыўды, не то прыкрасці.– Я не падумала пра гэта. Дзякую, сэр, што вы напомнілі мне пра мае абавязкі. Пара вяртацца.
Яны зноў ускочылі на коней. Неахвотна падабрала Луіза павады, неяк марудліва прасунула ногі ў страмёны; здавалася, ёй зусім не хацелася ехаць адсюль.
Калі яны зноў выехалі ў прэрыю, Морыс накіраваўся са сваёй спадарожніцай да месца пікніка самай кароткай дарогай.
Іх зваротны шлях ляжаў праз маляўнічае месца, вядомае ў Тэхасе як «пустазеллевая прэрыя». Так назвалі яе піянеры-пасяленцы, відаць не задумваючыся асабліва над выбарам назвы.
Ураджэнка Луізіяны ўбачыла вакол сябе вялізны сад, дзе цвіло мноства яркіх кветак, – сад, які межаваў з блакітным купалам неба і быў пасаджаны і вырашчаны самой прыродай.
Гэта маляўнічая мясцовасць выклікала ўзвышаныя пачуцці ў многіх, нават самых прымітыўных людзей. Я бачыў, як непісьменны звералоў, які звычайна не заўважаў ніякай прыгажосці, спыняўся сярод пустазеллевай прэрыі і, акружаны кветкамі, якія дакраналіся да яго грудзей, доўга любаваўся на цудоўныя венчыкі, што калыхаліся ў бязмежнай прасторы; і сэрца яго станавілася больш спагадлівым…
– Як тут хораша! – усклікнула ў захапленні крэолка, міжвольным рухам спыняючы каня.
– Вам падабаецца тут, міс Пойндэкстэр?
– Падабаецца? Гэта не тое слова, сэр. Я бачу перад сабой усё, што толькі ёсць самае цудоўнае ў прыродзе: зялёную траву, дрэвы, кветкі – усё, што мы вырошчваем з такой цяжкасцю і ўсё-такі не дасягаем такой беззаганнасці. Тут нічога нельга дадаць – гэта куточак некранутай прыроды, бездакорны ў сваёй дасканаласці.
– Тут не хапае дамоў.
– Але яны сапсавалі б пейзаж. Мне падабаецца, калі не відаць дамоў і чарапічных дахаў і коміны не тырчаць сярод маляўнічых сілуэтаў дрэў. Пад іх засенню мне хацелася б жыць, пад іх засенню мне хацелася б«*».
Слова «кахаць» гатова было сарвацца з яе губ. Але яна своечасова ўстрымалася і нечакана нават для сябе замяніла яго словам «памерці».
З боку маладога ірландца было б бязлітасна не прызнацца дзяўчыне ў тым, што яе словы былі нібы рэхам яго пачуццяў.
Але яго адказ прагучаў празаічна і холадна:
– Баюся, міс, што вам хутка надакучыла б такое суровае жыццё – без прытулку, без людзей, без…
– А вам, сэр? Чаму яно не надакучвае вам? Ваш сябар містэр Стумп казаў мне, што вы так жывяце ўжо некалькі гадоў. Гэта праўда?
– Гэта так – іншае жыццё мяне не вабіць.
– О, як бы я хацела сказаць тое ж самае! Як я вам зайздрошчу! Я ўпэўнена, што была б бясконца шчаслівай сярод гэтай цудоўнай прыроды.
– Адна? Без сяброў? Нават без даху над галавой?
– Я гэтага не казала… Але вы не сказалі мне, як вы жывяце. Ці ёсць у вас дом?
– Ён не заслугоўвае такой гучнай назвы, – смеючыся, адказаў мустангер. – Халупа, бадай, больш прыдатнае