Мінакі. Аляксей Талстоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мінакі - Аляксей Талстоў страница 14
“Незалежнасьць!” – маўчала Хо. – “Незалежнасьць ад усяго ды ад усіх!” – ды ейнае маўчаньне раставала ў цішыні ўтульнага пакоя, незаўважна зьбягала кудысьці пад ложак ці за шафу. Куды яно ўсё зьбягае? Куды сыходзяць усе гэтыя людзі? Яны быццам бы сапраўды раствараюцца ў прасторы. Робіцца неяк няёмка ім тэлефанаваць, на мэйлы яны адказваюць вельмі рэдка. Напэўна, справа ўсё ж такі ў ёй.
Разьбітыя твары прыгожых кавалераў.
Апэльсіны.
Сьляпыя кацяняткі ў ахайна сплеценым інвэнтарным кошыку.
Што да таго?
Якая розьніца?
Перашкоды, пераадоленыя ў імкненьні да спакою. Але наперадзе сумна.
Пальцы…
А ўчора ў парку аркестр граў Шапэна. Хо вельмі яго любіла. Бадай што, адзінае з клясыкі, што яна слухала зь цікаўнасьцю ды без пазяханьняў. Яна ведала загадзя ды наўмысна нікому не сказала, каб паслухаць музыку, а не падтрымліваць паўшэптам недарэчныя размовы. З дрэваў сыпала лістоту. Мамачкі зь дзецьмі. Хлопчык са сваім крыкам-сьмехам-віскам перабірае неакрэплымі ножкамі, разганяючы галубоў. Але Хо не сказала б, што ўчора на паркавых алеях усё было зразумелым ды празрыстым. Сапраўды, гэтыя адвечныя ідыёцкія пытаньні заўжды дзесьці былі… але зараз нечакана павылазілі на паверхню. Толькі праблема… але і праблемы гэтай не было зусім. Гэтым разам сапраўды не ставала словаў. Быццам бы штосьці стала на дарозе ды замінала думкам ісьці сваім шляхам, фармулявацца ды абазначацца. Нявыказанасьць пачуцьцяў пазбаўляла спакою. Ані любові, ані нянавісьці; усё было добра. Вельмі спакойна. Празьмерна, лядзь, спакойна! Канечне, стаяла на адным месцы, баючыся зрабіць крок ды адарвацца ад старых звычак, ці чаго там яшчэ ёй было трэба. Зрушыцца зь месца. Адарвацца.
Маладыя пары прагульваліся па алеях. Усе яны выглядалі прыгожа ды нават узьнёсла. Ёй самой хацелася вось так, каб без усялякай гэтай фігні ды жорсткасьці, што непазьбежна зьяўляецца на даляглядзе. Падвышаюцца патрабаваньні, абстаноўка напружваецца ды ў рэшце рэшт робіцца незразумелым, як такое ўвогуле магло здарыцца. Ды і хто гэта ўвогуле? Няўжо гэта я? Не, усё, баста. Ды чароўнае (як звычайна кажуць у кінафільмах (толькі трэба з адпаведным выразам твару) “так больш ня можа працягвацца”. Але што ў выніку возьмеш з усяго гэтага, калі столькі расчараваньняў. Вызначыцца? Безумоўна! Зараз яна ўсё як сьлед узважыць ды як вызначыцца! Так, каб ужо адзін раз ды назаўсёды! Ды жыцьцёвы плян у дадатак. Угу. Але ж часам так хочацца!.. хопіць…
Людзі.
Падвышаная эмацыйнасьць.
Паштоўкі зь нічыйнай зямлі. Той, хто дапамагае…