Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 12
Дзве карасінавыя лямпы, адна на стале, другая на шырокім падваконніку, ледзь трымцелі слабымі агеньчыкамі на абгарэлых кнотах і нічога не асвятлялі, толькі дадавалі яшчэ больш смуроду і копаці, і ніхто не здагадваўся прытушыць іх.
Як толькі днявальны ўводзіў у памяшканне веставога і той, у першы момант захлынуўшыся цеплынёю, заперхаўшыся дымам, не прывыклымі яшчэ пасля вуліцы вачыма пачынаў адшукваць у гэтай смуроднай смузе старэйшага, галоўнага тут, каму можна перадаць пакет ці зрабіць вуснае данясенне, – так адразу замаўкалі спрэчкі, станавілася ціха і падымаўся, упіраючыся магутнымі кулакамі ў стол, малады, тварам крыху падобны на Лермантава, высокі чалавек, перакрыжаваны партупеямі, з белчырвонабелымі нашыўкамі на пагонах падпаручніка. Сваім славутым «медзяным» голасам ён памагаў веставому – называўся:
– Камісар Жаўрыд!
Веставы пачціва заміраў «смірна» (Жаўрыда ведалі ўсе), браў пад казырок, другой рукою выцягваў зза пазухі і падаваў пакет.
Не адразу, а счакаўшы, пакуль веставы, а за ім і днявальны, асцярожна прычыніўшы дзверы, выйдуць, Жаўрыд разрываў шчыльную траскучую капэрту. А за яго спіною па прынцыпу «свой да свайго» рассыпаліся на купкігрупоўкі штабныя і «радаўцы», і тыя, каму збоку відзён быў ягоны твар, не спускалі з яго вачэй, стараючыся ўхапіць хоць малейшую змену на ім і ўгадаць па гэтай змене, якога плану навіна. Але марна. Строгі, непранікальны быў твар, нічога нельга было на ім ўбачыць (хіба толькі, калі чытаў, верхняя губа разам з вусамі варушылася). Забыў чалавек пра ўсё і пра ўсіх на свеце, увесь у адным сабе, нішто яго больш не цікавіць, нічога не адарве ад гэтага шэранькага лістка паперы.
І, можа, з прысутных тут адзін Мірановіч – начальнік брыгаднай контрразведкі, якому сам Бог наканаваў быць назіральным, паручнік Мірановіч, які адно ў сілу спецыфікі сваёй «прафесіі» проста павінен быў заўважаць тое, чаго іншыя не бачаць, – ён ведаў аб уменні, ды што ўменні – псіхалагічным дары, рэдкім таленце Жаўрыда адчуваць людзей спінаю, патыліцай – так, як чалавек з заплюшчанымі вачыма адчувае цяпло або холад.
Гэта была праўда.
Жаўрыд не адрываўся ад набранага на гектографе, ці надрукаванага на «сляпой» машынцы, ці напісанага ад рукі скупога паведамлення і ў той жа час ведаў, што робіцца ад яго і справа, і злева, і ззаду – нібы нейкія нябачныя хвалі ішлі ад людзей, што сабраліся тут разам з ім. Ён ні разу не падняў вачэй ад паперкі, але выдатна ведаў, што з правага боку (бы знарок, «правыя» – таму і справа) стаіць, прыхінуўшыся да грубкі, і насцярожана цікуе за ім доктар Паўлюкевіч (той самы, які ампутаваў рэўкамаўцу Кецку пальцы), палкавы лекар, начальнік шпіталю; той самы Арцень Паўлюкевіч, які двух слоў не мог звязаць пабеларуску і ганарыўся гэтым, і абураўся, калі яго высмейвалі за гэта, той самы, які жывымі слязьмі плакаў, даведаўшыся аб разгроме Урангеля («Теперь всё, всё пропало!»), які з пенаю на губах заклікаў яшчэ ў Слуцку да ўзброенага выступлення, а потым, калі войска