Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў страница 11
Так я яму і сказаў за вячэрай, нават вокам не міргнуў. Трэба ж як-небудзь пасля ранейшай пахвальбы свой гонар ратаваць. I бацька толькі рукамі развёў – ну і ну, Саньку-замухрышку прапусцілі, а мяне, такога дзябёлага і вышэйшага за яго на галаву, – забракавалі. Тут у самы акурат заступілася за мяне бабуля:
– Чаго ты прычапіўся да чалавека? Санька не валяўся ўсю зімачку з сыпняком, а гэты ледзь выкараскаўся з таго свету. Думаеш, усё гэта бокам не выйшла?
I бацька паверыў.
Пазней за ўсіх заявіўся дахаты Глыжка. Яны з бацькам сёння з апошнім возам снапоў прыпазніліся, дык давялося хлопцу самому на луг каня ў табун адганяць. Убачыўшы мяне, брат кінуўся да стала:
– Ну што, Іван, узялі? Бабка яго хуценька астудзіла:
– Ідзі памыйся, нячысцік мурзаты! Не бачыш, у чалавека гора – дахтары зарэзалі.
Нячысцік стаіць і вачыма лыпае – зарэзалі, а я жывы.
Генералы ўсё могуць
Ці мала кім можна стаць у жыцці. Хіба на артылерыі свет клінам сышоўся? Бацьку, напрыклад, нават больш падабаецца машыніст паравоза. Залез сабе ў паравозную будку, націснуў што трэба, павярнуў рычаг, даў гудок – паравоз пабег па рэйках, а ты сядзі і куры. Праўда, перад станцыяй ужо асцерагайся, тут глядзі, семафор адкрыты ці не. Калі адкрыты – шуруй сабе далей, ні на што не звяртай увагі, а закрыты – стой і пыхкай парай. Бацьку адзін знаёмы машыніст катаў на паравозе яшчэ да вайны, таму ён усё гэта і ведае. I мундзіры ў іх зараз не горшыя за афіцэрскія, толькі чорныя. Вядома ж, людзі больш каля вугалю. I пайкі ў іх, кажуць, па вайсковай норме. I грошы ім даюць добрыя. Чым не лацвей? А той знаёмы машыніст, калі яго папрасіць, дапаможа мне ўладкавацца ў іх школу – павучуся і буду таксама ездзіць на паравозе ды з акенца паплёўваць. Бацька напяваў мне гэта, пакуль і спаць не палеглі.
– А не хочаш – глядзі сам, – заключыў ён у рэшце рэшт і дзьмухнуў на лямпу.
Ляжу я, а вочы хоць выкалі – не спіцца, усё думаю, куды мне дзецца. Яно і настаўнікам было б нядрэнна, раней мне хацелася ім быць, і ў школе агітавалі, але тут, мабыць, нічога не атрымаецца. Не будзе рэшата бобу, як звычайна гаворыць бабуля. У тэхнікуме, кажуць, стыпендыя такая, што за адзін дзень можна праесці. Гэта, каб тэхнікум быў недалёка ад хаты, дык прыбег ды паабедаў, хоць нішчымніцай. Ды і з вопраткай туга – далей няма куды. Чуў я, як бацька перад сном уздыхнуў:
– Гэта ж цяпер, старая, нам на штаны хлопцу трэба разжывацца, ды і світку нейкую на зіму не шкодзіла б. Парсюка збыць, ці што?
Словам, нарабіў клопату той дыктант і мне і бацьку. Але няхай ён не вельмі журыцца – я і сам сабе зараблю. Падумаю добра і пайду ў прычэпшчыкі. Яны часта змяняюцца. Кажуць, што цяжка. Нічога, перажыву. На плузе за трактарам ездзіць – не пешкі хадзіць. Канешне, зямлі пад’ясі болей, чым хлеба, затое заробкі пастаянныя.
А лепш за ўсё – у конюхі, памагатым да Пецькі Чыжыка. Ён жа мой аднагодак, дык што