Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў страница 10
– Не можа таго быць! – расхваляваўся і Санька. – Глядзі, каб куды так не ўціснулі, не па алфавіту. Не святыя ж яны, могуць і памыліцца.
Прайшліся мы з ім у дзве пары вачэй па ўсім даўжэзным спісе ад нейкага Анікеева да якогась Яцука – ніхто мяне нікуды не ўціснуў, няма мяне сярод тых, каго прынялі. Крыўдна да болю, я ледзь не плачу. Я ж так стараўся, так зжыўся з марай пра вучылішча, пра артылерыю, што лічыў ужо сябе без пяці мінут там, у казармах, у страі са звонкай песняй, каля гармат, і вось – на табе, як абухом па цемю. Кінуліся мы да другой паперы – адзнакі па дыктанту. Тут усё і высветлілася: Саньку – тры, мне – два. Вось дзе я спатыкнуўся, вось дзе пагібель мая.
Цяпер і Санька свайму святу не рады, ён таксама нібы апушчаны ў ваду, але спрабуе мяне суцешыць, маўляў, не ўсё тое і святло ў акне, што вучылішча. Жывуць жа людзі і без яго, не паміраюць. Ён сапраўдны сябра і дзеля мяне гатовы на ўсё:
– Хочаш, і я забяру свае дакументы? Пайшлі яны свіней пасвіць, каб я вучыўся ў іх без цябе.
I я веру, што гэта не проста прыгожае слоўца. Ён можа, ён такі. Але што мне з таго толку – сам не гам і другому не дам? Ён пад гарачку забярэ, а потым усё жыццё каяцца будзе, а я застануся вінаваты. Не хачу я, няхай вучыцца з богам. А мне заставацца вечным шпаком.
Тут адкуль ні ўзяўся Юрка, прыбег даведацца пра нашы поспехі і, даведаўшыся, толькі свіснуў:
– Ну і ну-у, і як ты, Іван, умудрыўся?
А чорт жа мяне ведае, вось умудрыўся ж. Пра што і не думаў, на тым спатыкнуўся. У школе менш чацвёркі ніколі не было, а тут як насланнё нейкае.
Але неўзабаве ўсё высветлілася. Юрка схадзіў у прыймовую камісію, кагосьці там папрасіў і вярнуўся з маім дыктантам.
Выйшлі мы з шумнага спартыўнага зала далей ад цікаўных вачэй, селі на лавачку пад сасной і пачалі разглядваць, на чым я спёкся. А вось на чым – на падвоеных літарах. I памылкі ў асноўным зроблены ў адным сказе, дзе гаварылася, што нейкі прафесар ехаў пасажырскім аўтобусам па нейкай там трасе. Вось гэты самы прафесар са сваёй паездкай мяне і падвёў пад манастыр, каб ён назад не вярнуўся. Усё я напісаў з адной літарай «с»: і прафесар, і пасажырскі, і траса. Проста з галавы вылецела, што па-руску трэба з дзвюма. А там яшчэ і па дробязі назбіралася: недзе проста літару прамінуў, дзве-тры коскі паскупіўся паставіць – і бывай, вучылішча! I ўсё з-за той мымры, што нам дыктавала, – не магла крыху на падвоеных пасіпець, як сіпела наша падлюбская русіца.
I вось я вяртаюся дахаты адзін, без Санькі. Яго паставілі ўжо ў строй і павялі ў сталоўку есці артылерыйскі паёк, а мне і яшчэ такім жа недарэкам вярнулі пасведчанне аб адукацыі, сказалі суцяшальнае слова, што наша яшчэ ўсё наперадзе, і адправілі прэч з вачэй.
Я іду не з вучылішча, я іду з хаўтураў, пахаваўшы сваю артылерыю, сваё афіцэрства. Што дома бацьку сказаць, які грошы,