Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў страница 13
Ён мне купіць сарафан!
Мяне нібы варам абдалі. Каб вам скулле ў глотку – а калі бацька не спіць? Вось гадзюкі, вось кобры праклятыя, дня не мінула – паспелі прыдумаць. Вось зараз выскачу ды спушчу Жука з ланцуга, але што толку, калі ён, чорт, не куслівы.
Я думаў, што на гэтым усё і скончыцца, а яны зноў:
Ой, дзяўчатачкі, я скора
Падчаплю сабе маёра,
Буду есць салодкі торт,
Буду ездзіць на курорт!
Відаць-такі, бацька не спаў, а можа, спаў ды прачнуўся, толькі з яго ложка раптам пачуўся не смех, а нейкае прыглушанае кудахтанне, быццам трохі і з плачам:
– Кху-кху-кху, каб вы скіслі, верціхвосткі. Глядзі ты на іх – і ў чынах разбіраюцца, і ў акладах.
I бабка са свайго кутка адгукнулася:
– Ідзі ты ўжо патрусіся трохі пад іх балабайку-хварабайку, а то будуць шчадраваць усю ноч, як пад Новы год.
Хутчэй жа іх балалайку шашаль паточыць, чым я пайду на тыя танцулькі пасля такіх прыпевак. Ды і Алёшка ж Скачок там будзе, з якім я не расквітаўся яшчэ за ранішні цырк. Не, няхай танцуюць цяпер самі, без мяне, хоць да ўпаду. А я, як толькі прыдбаюць мне новыя штаны, буду хадзіць танцаваць на Хутар. Там – гармонік з бубнам, а не задрыпаная балалайка.
I за прыпеўкі таксама разлічуся. Я ведаю, хто іх складае – Надзька Сіпакова. Яна яшчэ толькі школу канчае, а ўжо прыбілася да дзяўчат з нашага гурту, і не толькі прыбілася – пачала імі верхаводзіць, яны ўсе ёй у рот глядзяць. А было б там на што глядзець – нізенькая, кругленькая, нос піпкай і такая ўжо смяшлівая, быццам яе ўвесь час нехта казыча. I яшчэ – калі ў маёй Каці вяснушкі толькі на носе і дзе-нідзе на шчоках і толькі вясной, дык у гэтай рагатухі – круглы год ад вуха і да вуха, быццам яе хто знарок цагляным пылам напудрыў. Ёй скажаш:
– Ух, рыжая! А яна:
– Ха-ха, што рыжэй, то даражэй!
Вось за гэта за ўсё ў яе і мянушка такая – Гарбуза.
З гэтай самай Гарбузой мне і трэба разлічыцца за прыпеўкі. Яны ў яе самі з языка скачуць. Яна жыва не будзе, калі за вечар не прыдумае іх дзве-тры. I пра што хочаш, на што вока кіне. Вось каб і мне самому пра яе скласці што-небудзь смешнае. Хаця б так:
Ах ты, рудая Гарбуза…
А цяпер само просіцца – каза, просіцца, а не клеіцца. Хіба вось так:
Ах ты, рудая Гарбуза,
Як сідарава каза,
Ты ў мяне паскачаш
I горка заплачаш.
Так я і заснуў, больш нічога лепшага не прыдумаўшы. Калі б Санька – той змог бы, галавы не ламаючы, якую хочаш казу да гарбуза прыляпіць.
Яшчэ два дні я вазіў потым з Глыжкам снапы, яшчэ два вечары Надзька-Гарбуза дапякала мяне ўсё новымі прыпеўкамі, а бабуля – яхіднымі парадамі.
– Выйдзі ўжо, калі прысушыў дзеўку.
А на трэці дзень надвячоркам адбылося такое, што і ахнуць мала. Толькі селі мы сям’ёй вячэраць, вярнуўшыся з поля, а на парог – дзядзька Калдоба,