Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў страница 12
I вось пачалі разбіраць са стайні коней. Дарослыя дзядзькі выводзяць больш дужых і спакойных. Іх запрагаюць у жняяркі-лабагрэйкі – ёсць такія дзве на ўвесь калгас і ў іх абы-каго не запражэш, не кожны конь можа жаць. Іншага ў лабагрэйцы не ўтрымаеш ніякімі цуглямі, калі яна застракоча нажамі, нібы кулямёт, ды замахае зубатымі крыламі. У коней таксама нервы ёсць, як гаворыць Чыжык.
Больш маладых ды кідкіх разбіраюць хлопцы, што возяць снапы. Пайшлі і мы з Глыжкам выводзіць свайго Стрыгунка. Як будучы конюх, я пільна да ўсяго прыглядаюся: ці ёсць тут хоць які парадак. Здаецца, што ёсць. Стайня, праўда, нікудышняя. Да вайны дык была з бярвення, але яна згарэла, калі праходзіў фронт. А гэтую зляпілі на жывую нітку: толькі слупы драўляныя, а сцены – пляцень з лазы, абмазаны глінай. Многа дзе гліна абсыпалася, і скрозь дзіркі відаць вуліца. Трэба будзе пасля жніва сказаць Нінцы, каб хоць воз гліны прывезлі, ды ўсё замазаць – зімой дзьмуць будзе.
А ўсярэдзіне – мірыцца можна. На кожнага каня станок, на кожным станку таблічка, на таблічках надпісы хімічным алоўкам: «Буланы», «Слепка», «Таптун», «Адольф», «Стрыгунок». Праўда, напісана карава і з памылкамі, але я сам потым перапішу, у мяне почырк добры.
Хамуты таксама развешаны па парадку – кожнаму каню свой. Вось гэта правільна, чужы хамут шыю табе намуляе да крыві, і не ўгледзіш калі. А што сядзёлкі і дугі абы-дзе – гэта недагляд, гэтак, прабачце, у гаспадароў не робіцца, мой дзед Мікалай не пахваліў бы. Калі я прыйду сюды, кожны конь не толькі хамут, а будзе мець усё сваё, асабістае; я вазьмуся і за Пецьку, і за Каўрача, бо толку не будзе.
Стрыгунок сустрэў мяне і Глыжку радасным іржаннем, аж затанцаваў у станку. Разумнік мой, не забыўся. Не заездзілі яго тут без мяне? Не, не заездзілі. Чысты, гладкі, бакі крутыя, крыж надвое колецца. I хто б мог падумаць, што з таго карослівага, ледзь жывога з голаду жарабяці, знойдзенага намі з Санькам на лузе, вырасце такі прыгажун, што хоць ты яго – на карцінку ды ў рамачку? А можа, гэта толькі мне так здаецца? Не, і Глыжка згодзен, што можна ў рамачку.
Весела бяжыць наш Стрыгунок, распусціўшы хвост і грыву па ветры, ногі лёгкія, крок шырокі, бяжыць, аж калёсы грукацяць, падскокваючы на няроўнай дарозе. I пуга яму не трэба.
Добра ён цягне і воз са снапамі жыта, толькі гужы рыпяць. I чыста ўсё разумее: па роўнаму ідзе спакойна, а перад узгоркам сам бярэ разгон, як быццам хто яго навучыў, што так лягчэй. Глыжка перакананы, што Стрыгунок, калі мы што-небудзь пра яго гаворым, таксама ўсё цяміць. Нездарма ж ён у той час вушы натапырвае.