Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 41
– Ты, унучачка, думная – досціпам ды спрытам не ведаю ў каго і ўдалася. Давай жа сходзім з табой да настаўнікаў – няхай падвучаць. Настаўнікі ведаюць адказы багата на якія пытанні, што цікавяць цябе. Чаму, напрыклад, сонца заходзіць? Або дзе вятры нараджаюцца?.. Яны ведаюць і добра тлумачаць. Ты згодная? Малайчына!..
І сапраўды, павёў дзед такую малечу ў школу. А Мані тады было ўсяго чатыры з паловай гадочкі. У дзіцяці рана праклюнулася зярнятка ведаў, і дзед, напэўна, як спрактыкаваны гаспадар, як сейбіт і назіральнік за ўсім жывым, што на сялянскіх гонях з’яўляецца, пайшоў на эксперымент. Ён не хацеў упусціць зручнага моманту, каб перасадзіць тую семачку ведаў у глебу, дзе яна магла б замацавацца карэньчыкамі.
Але Мані вучоба не спадабалася – мо таму, што ў настаўніка не было чым забавіць дзіцячае ўяўленне, а веды – не забаўка. Куды больш цікавы занятак меў яе дзед, і яна лічыла за лепшае не разлучацца з ім, глядзець, што ён робіць, вучыцца ў яго, памагаць яму. І ён пагадзіўся: школа няхай пачакае, пакуль дзяўчо падрасце!
Неўпрыкметку мінулі два гады, і Маня ўжо не гублялася ў паўшэхнай (агульнаадукацыйнай для дзятвы) польскай школе, гаманкой, вясёлай. Адзінае, што наводзіла на яе жах на ўроках, дык гэта тоўстая лінейка ці нейкая іншая прылада ў руках настаўніка, якой ён час ад часу біў па далонях вучняў, каб тыя не ўтойвалі сваіх ведаў.
Перад сном, калі праца ў доме ўжо заціхала, дзеду Пятру рупіла пагаварыць з унучкай. Ён ціха ўваходзіў у спальню, сядаў каля яе ложка:
– Маня, ты спіш?
Не-не… Нават калі б і спала, Маня адчула б дзеда сваёй тонкай скурай, бо ён у гэтым доме быў найвышэйшай асобай, ён быў за добрага духа, апекаваў яе і тату з мамай таксама. Ад дзеда і мамы заўжды чуліся цяпло і лагода. Аксіння, тая стаяла трошкі далей, хоць зазвычай і старалася дагаджаць унучцы. У будзённым жыцці яшчэ далей ад Мані стаяў яе бацька – Барыс, сын Пісарчукоў, у якога заўсёды былі дарослыя клопаты, шырокія, важныя, і не ставала ўвагі да такой малечы. Няма што ён таксама шкадаваў Маню, але, мусіць, лічыў, што досыць з яе цяпла і пяшчоты, якімі яе ахутваюць дома. Маня ж зусім не ўяўляла сабе, які ў бацькі занятак за парогам хаты, сядзібы. Яна не ўяўляла бацьку ў атачэнні вясковым, як уяўляла дзеда.
Толькі дзед Пятро ўносіў ва ўтрапёнае сэрцайка і свядомасць Мані штосьці цэласнае і аб’ёмнае – як не прастору і водар палёў, птушыны галас, надзею на доўгае і сталае жыццё ў вялікім свеце.
Яна ўсміхалася:
– Я не сплю, дзеду.
– Скажы, чаму ты навучылася сёння ў школе? – ціха, спаважна спытаўся добры дух.
Дзяўчынка разумела, што спакойным голасам дзед гаворыць з ёй таму, што шануе цішыню, як шанаваў, напрыклад, дзень і ноч, дрэўца каля хаты і кветку ў полі.
– Ой, проста жахліва было, дзядуля! Мы рашалі: колькі вады ў Мотальскім возеры і за колькі гадоў Ясельда можа занесці яго мулам?
– І – што… Як?
– Выйшла: