Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 38
На цвінтары, калі выйшаў, яму сустрэўся сын Паўлюк, энергічны, узбуджаны святочным настроем вялікай грамады, у якой не кожны, мусіць, табе сват ці брат, але ж усе свае, і было з кім перакінуцца вострым слоўцам ці жартам.
Яны прайшлі далей ад высокіх дзвярэй, адорваючы грашамі жабракоў, якіх тут сабралася нямала. І зноў жа, паводле падання, пададзеныя жабраку грошы ў гэты святочны дзень пераходзілі нябожчыкам, і тыя спрыялі, каб дабро стакроць адплочвалася дабром таму, хто дае.
Спыніліся каля музыкі Піліпа, скрыпка якога цяпер на поўны голас спявала, выяўляючы свет чаруючых мелодый і гукаў.
– Ты яго ведаеш, тата? – спытаўся Паўлюк.
– Чуў пра яго. Мы з ім нават сёння пагаманілі. Нармальны, здаецца.
– Дзіваком лічаць яго, а як іграе! Зайздросна… Памяшаўся розумам на каханні да вясковай дзяўчыны.
– Паўлюк, – Пятро дастаў з кішэні і сунуў у далонь сына непадробную жоўтую манету, – вазьмі і занясі яму, пакладзі ў футляр каля ног.
Калі Паўлюк вярнуўся, споўніўшы бацькаву просьбу, Піліп іграў ужо «Суліко», матыў шырока вядомай грузінскай песні, маркотнай і светлай. Скрыпка плакала, скрыпка захліпалася асабістымі мройліва-журлівымі пачуццямі Піліпа.
Я могилу милой искал,
Но найти её нелегко…
– Сынок, – неўзабаве зноў аклікнуў Пятро свайго сына. – Знайдзі вунь у тым рагу цвінтара сваю маці і памажы ёй занесці асвечаныя яблыкі дадому, а я прайду на кірмаш. Калі будзе жаданне, то вы з Барысам таксама прыходзьце. Потым вернемся ды сядзем за стол.
– А наш Барыс, глядзі што ўжо там.
– То ідзі ж…
10
Кірмаш гудзеў, ляскатаў, шапацеў чалавечымі галасамі, пераходзіў на прыглушаны гул, у які час ад часу ўпляталася фырканне і ржанне коней.
Шырокі пляц, як скінуць вокам, варушыўся і вёў адменны гандаль. Каля фурманак з яблыкамі, ігрушамі, слівамі, як мухі-назолы, круціліся падлеткі ў разліку сцібрыць што якое вабнае, калі гаспадар да іх радасці зазяваецца.
Тавару ў гандлёвых радах – процьма, пачынаючы ад скарбу зямлі – вапны, здабытай у Бездзежы, гаршкоў, якімі славіліся ганчары Гарадной, ды розных бочак, бочачак, маслабоек, біклаг, кублоў для сала, змайстраваных слаўнымі бондарамі ў Рылавічах, і канчаючы бочкамі мёду, што былі пастаўлены тут