Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 33
– А што ж я – паняй буду? О-о-о!..
Ганна дзівілася з такой гаманы чалавека і шчыравала далей.
Барыс сумаваў без яе вечарамі і таму часам апранаўся і ішоў на зборню да Парычанкі, адзінокай жанчыны, у вялікай хаце якой збіраліся маладзіцы прасці кудзелю, а з імі і Ганна. А яшчэ там нярэдка Маня круцілася, пераймаючы ад маці пракаветны вопыт; яна вучылася вышываць. Дык бацька падсаджваўся да іх на лаўку і ў суме даводзіў:
– Ганя, ты мяне пільнуй, а не кудзелю. Кудзеля нікуды не ўцячэ!
– Хіба што… Але ж дома да ночы нешта трэба рабіць.
– Знойдзем што, Ганя… Твой гладыш, мой таўкач – будзем біць масла!
Пры гэтым ён спрабаваў узяць маладзіцу на рукі, яна вырывалася:
– Ой, які ж ты бессаромнік, Барыска, ну проста вар’ят!
Ганна ніяк не магла зразумець, што за мудрасць усялілася ў яе чалавека дый пракудуе ім. У тым жыццёвым калаўроце годнасць жанчыны вызначалася акурат увішнасцю ды плёнам у працы. Сяброўкі, суседкі Ганны, кпілі з яе чалавека: «Жарабец!..» Або яшчэ больш з’едліва на яго ж адрас: «Ад жарабка скура і на плоце гагоча!»
Таму Барыс найчасцей пакідаў зборню ўнураны, не ведаючы, на што крыўдзіцца – ці то на лёс, ці на жонку. У такую хвіліну яму на вока неяк і трапіла Хвілюсіха, якую звалі яшчэ Ёўдай, Еўдакіяй… Калі на тое, маталяне – вялікія майстры на вынаходніцтва мянушак, вулічных прозвішчаў. Дзяўчына ж мела шмат чаго прывабнага, закладзенага проста ў яе стан прыродай, але не мела долі, шчасця, бо паходзіла з беднай сям’і. Барыс, мабыць, захапіўся ў сваім «адыходным промысле», у сваіх палюбошчах. Можна дапусціць таксама, што ён пашкадаваў нябогу і памкнуўся даць ёй хоць кроплю таго, на што ў душы сам быў багаты. Ці чакаў ён, аднак, што нехта адважыцца яго дакараць за гэты вольны і па-свойму добры ўчынак, вядома, апраметны, але ж, чуеце, і далікатны.
Аднаго разу, калі ён на золку вяртаўся дадому, пэўна, яшчэ адчуваючы на сэрцы Хвілюсішына дыханне, са свайго падворка на вуліцу выглянула Алена Германка, бліснула на яго вачыма і гучна войкнула:
– Барыс, шэльма, сораму на цябе няма! Толькі дамоў валачэшся? Ганьбу Ганне нясеш!..
– Дзеўка, а табе што да таго?
– Ге! А вось убачыш, калі мы з Ганнай звяжам цябе, бугая аблуднага, ды выражам ніжэй крэсла тую забаўку! Я памагу Ганне!
Барыс прыпыніў крок і, надзімаючы пагрозліва шчокі, вырак:
– Заб’ю!
– Ох, напалохаў!
Сапраўды, Алена, ягоная суседка, была не з палахлівых, наадварот, мела шмат ваяўнічай энергіі, порсткасці ды ініцыятывы. Такім палец у рот не кладзі! Яна і на самой справе магла б споўніць сваю пагрозу. З такой стане… Ай, і трэба ж вырадзіцца блазну ў спадніцы! А галоўнае – на якую патрэбу?
Ні для каго не было сакрэтам прозвішча – Германка… З вуснаў у вусны ў мястэчку