Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 29
– Калі добра сцямнее, пакліч Балагана і прыходзьце вунь на той ускраек лесу, – паказаў рукой. – Пойдзем не адкладваючы, пта-маць. Лёс-пёс гатовы здрадзіць мне, але я вам потым пра ўсё раскажу…
Сустрэліся ў дамоўленым месцы і рушылі. Ішлі тымі ж чорнымі, як казаў Пінчук, сцежкамі амаль усю ноч. Іх праваднік, які цяпер ужо не меў намеру вяртацца назад, горача і ўзрушана расказваў пра надарэнне з Зусманам. Ён, блазен Зусман, нібыта праг таксама перайсці мяжу і дамовіўся з Пінчуком пра паслугу. Пінчук павёў новага кліента. Але ж Зусман паспеў данесці на яго ў паліцыю, і два паліцыянты селі ім на хвост. За здраду, чуеце, Пінчук хацеў засекчы Зусмана, але, такі-гэтакі правакатар Зусман уцёк.
На самай мяжы, каля невялікага гаю, які прытуліў іх на дзень, яны пасунуліся наперад крадком, бы здані. Тым не менш, калі ім ужо свяцілі прастора і воля, перад імі вырас памежнік са зброяй:
– Стаяць! Рукі ўгору!
Дапытвалі мотальцаў моцна і ніякім іхнім роспаведзям, тлумачэнням наконт уціску паноў і цяжкога жыцця ў Польшчы не давалі веры. Іх утрымлівалі спачатку ў мінскай турме, а потым выслалі на Урал, у горад Перм, дзе, жывучы ў лагеры і галадаючы, яны будавалі баракі для сем’яў рабочых. Дзень пры дні. Два гады…
Ладзя, апавядаючы пра перажытае ў экзатычнай савецкай краіне, так бы мовіць, камуніі,– разгарачыўся, і адчуванне той сваёй нягегласці, несамавітасці, скутасці ў доме Пісарчукоў зусім прайшло. Наадварот, цяпер хлопцу – вандроўніку паняволі – імпанавала ўвага да яго асобы. Тут госця перапыніла гаспадыня, увесь выгляд якой выяўляў дабрыню:
– Валодзька, то чаму ж ты нічога не бярэш?.. І вы, мужчыны, нешта седзіцё, як на хаўтурах! Ешце… Стане з вас гаманы!
– І сапраўды мы заслухаліся, – сказаў гаспадар. – То бяры, Ладзя, што па густу: тварог, масла, сала і – да ўсяго – мёд.
– Дзякуй, я з задавальненнем паспытаю, чым вы людзей частуеце, але найперш скажу: у Пермі і Златавусце, дзе мы потым працавалі, я нічога больш смачнага за падсмажанае лушпінне ад бyльбы не еў. Яго мы збіралі на сметніку і смажылі на грубцы-буржуйцы…
– Госпадзе прамілы! – перахрысцілася Аксіння, відаць, адчуўшы на сэрцы нядобрае. – Як жахліва, калі людзям няма чаго есці! Пятро, помніш… На Украіне людзі пухлі з голаду.
Пятро кіўнуў: пра голад ён помніць.
– Я шкадаваў, што не ведаў сакрэту прыгатавання такой ежы раней, калі быў яшчэ тут, у Моталі.
– Божа! Які грэх мы на душу бярэм! – Аксіння адчула дакор сумлення за сваё забяспечанае жыццё. – І чаму ў нас не кожны мае хлеба кавалак?