Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 70
Паехаць туды, на месца бою, Пятру не ўяўлялася магчымым, бо Польшча ляжала пад Гітлерам і невядома яшчэ, якія там парадкі. Адно ніхто не замінаў яму маліцца. І ён маліўся, і не толькі ён… Маня малілася, і яна прасіла Бога за бацьку. Аднаго разу, калі дзед Пятро зайшоў у іхні пакой, дзяўчынка стаяла на каленцах перад абразом Святой Дзевы Марыі і, абліваючыся гарачымі слязьмі, прасіла: «Маці Божая, вярні мне бацьку! Я не хачу быць багатай, калі гэта грэх, я не хачу сіроцкі хлеб есці, бо гэта няшчасце, вярні мне бацьку. Маці ласкі Божай, Маці беззаганная, Маці найчысцейшая, Маці наймілейшая, вярні мне бацьку!»
Дзед прымусіў яе ўстаць з каленцаў, сам сеў на ўслончык, і яна, рыдаючы, прыхінулася да яго.
– Не плач, краска, – суцяшаў ён унучку. – На вайне ўсялякае бывае. Надараецца, што забіты паляжыць-паляжыць і адыдзе, ачомаецца. Дасць Бог, не застанешся без бацькі!
Ад ночы, што заўсёды ахутвала ў морак усё зямное і насылала сон, Маня прачыналася рана, ёй гэта ў звычку ўвайшло. Праўда, нярэдка яе будзіла цэнтрыфуга, на якой бабуля Аксіння адганяла вяршкі малака. У іх жыццёвым побыце з наплывам чырвоных нічога, бадай, не змянілася, подумкі ішлі і кружыліся вакол працы, таму гаспадарчыя ўдачы лагодзілі і спатольвалі душу. Увогуле нельга было прыдумаць больш дзейсных лекаў ад нэндзы, роспачы, чым працоўны занятак.
Паддаючыся таму ж працоўнаму рытму і сваім захапленням, Маня падхоплівалася з ложка і па першых праменьчыках сонца бегла на поплаў, што неўпрыкмет скочваўся ў возера. На ім, зялёным і росным або пакрытым інеем, збірала ў прыпол гусінае пер’е. Больш ніхто, апроч яе, бадай, гэтакім глупствам не займаўся, нават дзеці з бяднейшых сем’яў не здагадваліся, чаго гэта варта. Яны не ведалі, бадай, якая росная радасць – збіраць гусіныя пёркі, цудоўныя, бялюткія, нібы накрухмаленыя, вялікія і малыя. Скарб і скарб, рассыпаны навідавоку. Бо калі іх сабраць і дома паабдзіраць як след, то пухам можна панабіваць падушкі, на якіх добра спіцца.
Яна кружыла па лузе, які з надыходам восені ўжо трохі збуцвеў, па зялёным колеры пайшоў жаўтавата-буры, і на гэтакім фоне яе вочы не адразу распазналі кісць чалавечай рукі… Так, з зямлі тырчала рука!.. І ад жаху захаланула яе сэрцайка. Яна зрабіла крок убок і, не помнячы сябе, закрычала. Крык вярнуў цяпло яе целу і напалохаў гусей, якія купкамі выходзілі з падворкаў на луг. Гусі разам загагаталі, а Маня, абліваючыся чыстымі-найчыстымі слязьмі, спатыкаючыся і рыдаючы, бегла бягом дадому.
– Мама!.. Дзеду… Які жах! Ой-ё-ёй!..
Што на тым лузе было? Мужыкі, узяўшы рыдлёўкі, раскапалі і дасталі з зямлі юнака, казалі, з ліку мотальскіх стшэльцаў. Напэўна, за стшэльскія забавы ў палітычным процістаянні яму помсціліся.
Знясіленая, сцішаная, самотная ў недзіцячых сваіх разважаннях, Маня грэлася на цёплай ляжанцы, калі на дзедавай палавіне хаты загучаў чужы голас, неспакойны, напорысты. Аднойчы яна ўжо чула яго:
– Псямаць, пане… Даруй, гаспадар Пісарчук. У жахлівы час мне спадобілася патрапіць да вас у Моталь – польскі