Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 73
У вачах айца Георгія з’явіўся агеньчык жывое думкі, і, пасмыкаўшы кудзелю сіваватай барады, ён хітра ўсміхнуўся:
– Вазьму на сябе смеласць прызнаць, што першы пастулат мудры. А то як бы ты прымусіў злых спавядацца? Бачыш… І не выстарчыла б святару адпускаць грахі.
– Як жа тады на зямлі могуць усталёўвацца парадак, мір, спакой, дабрачыннасць? Ці могуць быць узаемаразуменне і злагада між людзьмі і Богам? Даруй, Госпадзе, мне грэшныя думкі мае! – і ён перахрысціўся. – Не сплю я, ойча, начамі і ўсё думаю, і перад вачыма тая сухастоіна. Яна падае… А я трызню, уяўляю Барыса жывым. І ці божая то воля, каб ён загінуў ад рук ліхадзеяў, што ўздумалі напісаць на сваіх штандарах: «З намі Бог!» Прабач, Божа, і пакарай брыдоту!
– Усё ў яго волі, браце Пятро. Маліся, прасі ў Бога міласці, каб ён не адвярнуўся ад нас. Каб, прыняўшы ахвяры, паслаў нам і нашым сем’ям, а тож і ўсяму вялікаму свету спакой і збавенне. Няхай адорыць нас ласкай набожнасці, каб заўсёды мы мелі ў сэрцах сваіх любоў, развагу ў малітве.
– Развага – маці суцяшэння, бацюшка. Але ж тыя груганы, якія кружылі і, можа, дагэтуль кружаць над маім сынам, проста клюнулі ў маё сэрца, таму і баліць. Відаць, Богу было заўгодна таксама, каб Сталін вызваліў нас і каб вылюдкі ўчынілі расправу над Скірмунтамі. Ці ж не так?
– Магчыма… – сумеўся святар.
– Праўда, армія – толькі невад, які закінулі ў гэты бок бальшавікі. Што далей будзе, ойча?.. Ці не спасцігне нас ліха, з якім ваяваў раней Нестар Махно?
– Я разумею, чалавеча, тваю трывогу. І не толькі тваю… Я святар і, на жаль, не маю пэўнасці… Мы ж – як той гарох пры дарозе, вялікай і тлумнай. Прымнуць нас? Вядома… Але ж наша карэнне ў гэтай зямлі, і Бог нам адзіны заступнік.
У гутарцы з айцом Георгіем Пятро Пісарчук аблегчыў, але не спатоліў як след сваю душу – не ставала адказу на пытанні, якія данімалі ад пачатку вайны.
А ці быў той адказ наогул? І ці ведала яго зямля?..
Лагічна і проста ўжо следам за Чырвонай Арміяй насоўвалася савецкая ўлада. У Моталі для яе ўсталявання хапіла ўсяго некалькіх дзён. Утварылі Савет і народную міліцыю. Аднак пэўны час яшчэ не спыняла сваіх дзеянняў самаўладдзе, якое чынілі тыя, хто раней быў у камуністычным падполлі або хоць бы чуў пра яго, а цяпер даў сабе волю і на вуліцы з дапамогай нажа, сякеры, нагана набліжаў прышласць ды ўпарадкаваў на свой густ новы свет. Таму дзед Пятро, засцерагаючы Паўлюка, свайго малодшага сына, ад удзелу ў шалёнай віхуры, неаднойчы ківаў яму пальцам:
– Я бачу, цяжка табе ў хаце ўтрымацца! Глядзі ж, не пакінь дзяцей сіротамі!
Паўлюк расказваў, што чуў і ў што нельга было не верыць: за тыдзень у Моталі мясцовыя пасобнікі камунізму знішчылі блізка сарака чалавек, і ўсё ў маладым веку. Ён, Паўлюк, праўда, неяк паблажліва глядзеў на гэтакі гвалт, а бацьку вусцішна рабілася.
Шчыруючы