Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк страница 8
У такі свет заехала аднойчы на трох фурманках Сонька Іванюк. На пляц побач з домікам сястры Марусі разгрузіла сваю хатку, а рукі суседзяў і нават зусім незнаёмых людзей, узамен за добрае слова, хутка паднялі яе на фундаменты. Шмат якія местачкоўцы былі тады яшчэ малодшымі за сваё Мястэчка і слова “дзякуй” кружылася з рук у рукі паўнацэннай манетай.
З першага дня ў Мястэчку дзецям пачалі блытацца сцежкі. На пачатку ўсё выглядала нявінна, нават смешна. Малы Антон, адпраўлены ў школу, міжвольна кіраваўся на лес. Высланы ў ларок па хлеб, Коля вяртаўся, сціскаючы ў пальцах жоўты лімон. А наймалодшы, Сашка, зусім забыў дарогу ў даросласць. Праходзілі дні і месяцы, а ён заставаўся ў краіне дзяцінства. Ледзь навучыўшыся хадзіць, пачаў паспяхова набіраць шлях на фабрыку. Абмінаючы чуйны позірк маці, незаўважна вышмыгваў з панадворка. Гравейкамі, маставой, асфальтам дабіраўся да фабрычнай брамы.
– Таксама хачу быць сталяром, – выпінаючы маленькія грудзі, зазіраў у вочы вахцёрам.
– Гадоў праз пятнаццаць, – смяяліся вахцёры. – І не забудзь падрасці!
Аднак Сашка, які ведаў толькі гэтую адну сцежку і забыўся на ўсе астатнія, нават на існаванне часу, з’яўляўся ў фабрычнай браме, не чакаючы прызначаны тэрмін. Прыходзіў праз тыдзень, праз месяц.
– Падрос я? – пытаў. – Хачу быць найбольшым сталяром у Мястэчку.
Але і праз год, і праз два гады нязменна гучаў адказ: “А ні халеры не пнешся ты ўверх. Вось дзіва!”. І Сашка смутнеў. А калі чарговыя пяць гадоў паднялі яго толькі на адзін сантыметр, расплакаўся.
– Не плач! – сказалі вахцёры. – Не можаш быць найбольшым, заставайся найменшым. Найменшых таксама здалёк бачна.
З гэтага дня ў Сашкі завязалася асаблівае сяброўства з кравецкім сантыметрам. Раскладваў яго на поўную даўжыню, прытрымліваў нагой адзін канец, другі працягваў да макаўкі. Працэдура была складаная, а дакладнасць памераў далёкая ад дасканаласці. Аднойчы на касяку кухонных дзвярэй ён паставіў рыску. Падступаў да яе два разы ў дзень – раніцой і вечарам. Прымерваўся, поўны хваляванняў і неспакою, а калі аказвалася, што сёння таксама, нават на волас, не перасякаецца запаветны знак, уздыхаў з палёгкай.
– І чаму ж ты не расцеш? – бедавала Сонька. Варыла зёлкі, шаптала над імі таемныя закляцці, дом насычаўся лясным пахам, а Сашка надалей заставаўся малы. Зёлкі выліваў крадком за парог, а магічныя словы праходзілі міма, не кранаючы яго, бо закляцці спрацоўваюць толькі тады, калі чалавек выходзіць ім насустрач.
Аднойчы, калі Валодзя забыў сваё імя і на сходах чужой хаты прасядзеў да прыцемкаў, пакуль не знялі яго адтуль рукі выпадковых людзей, Сонька спалохалася канчаткова.
– Ну, як цябе завуць?