Выкраданьне вепрука. Ігар Сідарук
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Выкраданьне вепрука - Ігар Сідарук страница 7
– Ну, ісьці… Разам! Адзін я не давалаку…
– Вой, не! – Марыля не заўважыла, як раскусіла да крыві на губе больку. – Дурное ты…
Далей, аднак, Марыля не дагаварыла. Бо Грысь узьняўся з канапы, пачаў узьдзерваць ногі ў старыя свае нагавіцы, што віселі на вяроўцы ў запеччы. Адна нага, зараза, усё ніяк не хацела лезьці ў калашыну, і ён як стаяў так і бразнуўся сярод хаты.
– Вы зусім там падурэлі ці што? – пачуўся заспаны голас Наталкі з бакавушкі. Яна яшчэ нешта прамармытала ды сьціхла. Грысь трохі перачакаў, так-сяк урэшце прасунуў нагу ў калашыну ды пачаў падымацца з падлогі. Марыля борздка зьлезла з канапы, падхапіла яго пад локаць.
– А няўжо пойдзеш?.. – глядзела на яго, як на добраахвотнага чарнобыльца-сьмертніка, жонка.
– Э! – толькі рыпнуў зубамі Грысь. – Ад вас – хіба толькі… – адсунуў ён жонку прэч ды, ірвануўшы з запечка тую самую вяроўчыну, на якой боўталіся ягоныя дзіравыя нагавіцы, пачаў скручваць яе ў жмутак.
Убачыўшы такое, ды падумаўшы раптам чорт ведама што, Марыля ледзь не самлела. Але ў наступную хвілю яна ўжо вісела на шыі Грыся ды абшчапіла яго рукамі, рызыкуючы задушыць нашмат раней адмеранага Грысю часу.
– Не, не! – ані не зважаючы на ноч, залямантавала яна на ўсю хату. – Ат, дурны! Кінь вяроўку, кажу!..
Насустрач Грысю, які не чакаў такога скруту, і які пад цяжарам павіслае на ім жонкі зусім страціў раўнавагу, (а зь ёй у яго да гэтага часу і без таго былі вялікія праблемы), раптам імкліва пачала набліжацца падлога. Ён яшчэ са зьдзіўленьнем пасьпеў адзначыць, што хоць паміж ім і падлогаю была гэткай “буфэрнай зонаю” ягоная ўласная жонка, але чамусьці першаю да нямытае масьціны дакранулася ягоная няшчасная лабешня, а ўжо потым загрукацела й усё астатняе, уключаючы й яго гарапашаную постаць, і сухакостную Марыську.
– Вы дасьцё сёньня паспаць ці не? – на гэты раз Наталчын голас быў не такі заспаны ды поўніўся не жартоўнаю злосьцю.
– Дамо, дачушка, дамо, – з лагоднай інтанацыяй, што зусім не адпавядала крытычнае сытуацыі, у якой яны апынуліся, адказала, лежачы на Грысю ды касавурачыся на бакавушку, Марыля. А потым, будучы ўсё яшчэ зьверху, выдыхнула яму ў твар: – Вяроўка табе на што?..
– Ну, не засіліцца ж я хачу, ё-маё! Для дзела, значыць!..
Марыля яшчэ трохі паляжала на мужу, відаць, канчаткова пераконваючыся, што ён не зьбіраецца зводзіць рахункі зь няшчасным сваім жыцьцём, падумала аб нечым сваім бабскім ды патаемным і, урэшце, рашылася:
– Адзін ня пойдзеш.
– А на халеру ты мне!.. – занаравіўся Грысь, узбрыкваючы пад Марыляю.
– Ціха, ваяка. Яшчэ пападзесься…
– Ладна. – урэшце пагадзіўся Чаравячка ды пачаў выкачурвацца з-пад жонкі. – Аднаму яно… я ж казаў… напружна занадта… Пасобіш!..
Чаравячкі так-сяк падняліся. Стараючыся не рабіць болей лішняга шуму-глузду, на цырлах падаліся да дзьвярэй. Ужо на парозе Марыля, праціскаючыся за Грысем скрозь дзьверы, зноў схапіла яго за руку ды выдыхнула тое ж самае,