Выкраданьне вепрука. Ігар Сідарук
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Выкраданьне вепрука - Ігар Сідарук страница 11
– Ты што, нясмаленага яго?..
Грысь утаропіўся ў марылін рот, нібы адтуль выперла такая лухта, якой яшчэ ня чуў цэлы сьвет. Аднак, пасьля хвіліннае развагі, ён зразумеў, што на гэты раз жонка мае рацыю. Нібы спэцыяльна чакаючы гэтага моманту, у куточку веранды хавалася тое, што трэба: там, прыкрытая дранай анучкаю, пад шапкаю густога пылу стаяла паяльная лямпа. Грысь ўзяў яе ў рукі, страсянуў пыл, пашалёхаў: унутры нешта плёхалася. Зьвіньціў маленькую накрыўку, панюхаў: у нос шыбанула рэзкім пахам бэнзыны.
– Запалкі давай! – загадаў жонцы.
Марылька крутанулася, выбегла зь сенцаў, хутка вярнулася назад з запалкамі. Дрыжачымі рукамі працягваючы іх Грысю, спытала:
– А як хату спаліш?..
– Ты, дурыла, меньш языкам мяньці!
– Ох, Грысю, глядзі!..
– Ды гляджу, не сьляпы ж, тваю маць!
І лямпа шуганула полымем.
Грысь лацьвей ўзяўся за ейную ручку, вольнай рукою ўхапіўся за лапу Магамая ды скіраваў полымя ў вепручыны бок. Але толькі гарачы язык агню лізнуў сьвінячую скуру, як Магамай рохкнуў, пераляканая Марыля, жагнаючыся ды заціскаючы сабе рот, падалася назад, а сам Грысь ледзь не бразнуў паяльную лямпу на падлогу.
– Ажыў, падла! – вычавіў скрозь зубы Чаравячка, гасячы лямпу. – От, паскуда! Ну й чым яго цяпер?..
– Вой, Грысю!..
– Што Грысю? Што Грысю?.. – паўтарыў сьледам за ёю Грысь, і невядома было, на каго ён болей злуецца: на вепрука ці на жонку.
– Неяк бы канчаў ты зь ім, га?..
– Ну і як я табе кончу? Можа, скажаш яшчэ назад, туды, дзе быў, зацягнуць? Ці за хатаю закапаць?
– Вой, ня ведаю…
– Тады схадзі сама да Андрэя, скажы, што мы ў яго кабанчыка сьпёрлі!
– Ай! – адмахнулася ад яго Марыля.
– Вось табе й “ай”! Вечна вы, бабы, з лухтой сваёй!..
На гэты раз ня вытрымала жанчына:
– То ты так?! Ты бач на яго, баба ў яго вінаватая!.. Можа, гэта я падгаворвала сьвіньню гэтую сюды валакчы?! Ці, можа, я вінаватая, што ты, дундук пасівелы, яе вяроўкаю засіліць схацеў?!.
Чаравячка раскрыў рот, каб хутка абрэзаць жонку, але ў гэты момант Магамай заварушыўся зноў. “Калі ён зараз ачомаецца, – пранеслася ў Грысевай чарапушцы, – дык…” Што магло адбыцца сьледам за гэты самым “дык” – у ягоных мазгах дакладнага адказу не прагучала, бо вока наштурхнулася на тое, што адразу зьмяніла пачатак панічных развагаў.
У тым жа кутку, пад тым жа пылам, з-пад якога ён хвілю таму выдзер паяльную лямпу, ляжала перавернутаю дагары лапкамі даўно згарэлая электрычная плітка. Аднак сама плітка зараз была яму без патрэбы. Яму трэба было толькі адно – электрычны шнурок. І Грысь, наступіўшы адною нагою на плітку, схапіўся за шнур ды йрвануў на сябе. Стары шнурок трымаўся ня надта. Таму ў наступны момант Грыська ўжо склаў яго надвое, падьдзеў зьнізу тым самым нажом, які прынесла Марылька, пакуль ён распальваў лямпу, агаліў з двух бакоў расшкамутаныя на ніткі канцы