Выкраданьне вепрука. Ігар Сідарук
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Выкраданьне вепрука - Ігар Сідарук страница 12
– Давай, сюды паднось! – тупнуў ён нагою побач з самуськім Магамаем. Марыля паднесла. – Стаўляй усутыч! – Марыля паставіла.
А паколькі два канцы дроту па-ранейшаму былі ўтыцнутыя ў разетку, дык Грысю толькі й заставалася, што ўмакнуць канцы, побач зь якімі ён трымаўся за ізаляцыю, у ваду ды адначасна дакрануцца імі да рэбраў Магамая. Але на гэты раз ён не ўлічыў аднаго: што ягоная Марыська не пасьпее адвесьці руку ад вядзернае дужкі. Марылю ўрэзала токам так, што жанчына адразу пераламілася напалам. Твар стаў чорны, язык прыкіпеў да паднябеньня; ёй падалося, што руку адарвала ці выкруціла за плечы.
Перапужаўся й сам Грысь: машонка сьцялася, на патыліцы валасы заварушыліся самі сабою.
– Марылечка! Ты жывая? – чужынскім голасам вычавіў ён зь сябе.
– Й-а-а… Я-а… Ты што? Ты што, вылюдак роду ты чалавечага?.. – хапалася шарарахнутая токам Марыля за сэрца, нібы хацела яго вырваць ды выкінуць прэч.
– Марыля!.. – зноў равануў Чаравячка, і ў гэты момант на двары пачуліся нечыя прыцішаныя галасы…
Недзе за паўгадзіны да таго, як Марылю працяла навылёт электратокам, сусед Чаравячкаў зажытны куркуль Андрэй Шупенька прачнуўся ў сваім ложку ад занадта ўжо гучнастрэльнага ляскату грому. Ён паляжаў, раз-пораз ловячы вачыма бліскавіцы за вакном ды думаючы, як моцна сьпіць перад пачаткам навальніцы ягоная, усё болей яму чужая, жонка Верка. Потым Шупеньку падумалася, што няблага было б выйсьці на двор. І ня толькі да ветру, а на ўсялякі выпадак праверыць гаспадарку. І хоць Андрэю ня надта хацелася выпроствацца зпад коўдры ды адрываць ўпацелае цела ад гарачага жаночага боку, аднак перакат грымотаў прымусіў Шупеньку ўсё ж падняцца.
Ужо на ганку яму зрабілася неяк трывожна. Не разумеючы, адкуль і што ўзялося, ён, забыўшы справіць сваю малую патрэбу, адразу пашыбаваў да таго самага хлеўчуку, дзе кватаравалі ягоныя ўкормныя два кабанчыкі.
Першае слова, якое зьляцела з вуснаў Андрэя Шупенькі, як толькі ён сюды ўвайшоў, было далёка не лагодным. Другое было такім жа.
– Ну, лярвы! – не мог ніяк супакоіцца Андрэй. Спачатку ён ўвогуле падумаў, што нечая зладзейская рука мала таго, што зьвяла аднаго вепручка прэч, дык другога проста прыкончыла на месцы ды тут і кінула. Ён нахіліўся над нерухомым кабанчыкам. Сьлядоў гвалтоўнай сьмерці, аднак, нідзе не знайшоў. Тады ён прыслухаўся, прынюхаўся ды агледзеўся.
Кабанчык дыхаў. Але ледзь-ледзь, таму як спаў мёртва. І, на зьдзіўленьне, несла ад яго брагавітым духам.
Шупенька стаў вывучаць месца вакол загароджы. Ягоныя пільныя пошукі хутка прынесьлі свой плён. Рэдкія невялікія плямы, якія вельмі нагадвалі барвовыя плямы крыві, вялі ад загарадкі да парожку і далей – ўздоўж усіх хляўчукоў-пунечак да падворку галотнага Чаравячкі… І Шупенька, доўга не разважаючы, кінуўся ў хату да тэлефона.
– Ало, слухаю! – адказалі яму на тым канцы дрота.
На зьдзіўленьне Шупенькі, участковы міліцыянт Мікіта Стралкоўскі ня спаў. Хоць ужо павяртала на другую