Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) страница 6
Жанчыны такім, як Аменхатэп ІІІ, падначальваюцца без словаў. І я… Але пра гэта сорамна казаць. Не, мы не паспелі быць разам… Ён толькі аднойчы нёс мяне на руках.
Неферціці падняла на мяне свае вільготныя зеленаватыя вочы і абцягнула на каленях лёгкую, амаль празрыстую, аздобленую ажурным залатым шытвом сукенку.
– Тут па вясне, калі Ніл разлівае свае воды, адзначалі свята вяртання з падземнага царства Асірыса, свята адраджэння прыроды. Аменхатэп ІІІ быў як заўжды Асірысам. А Ісідаю тым разам выбралі мяне. Я не была галоўнаю жонкай, але Аменхатэп ІІІ настояў, каб жрацы менавіта мяне апранулі Ісідай. Я стаяла на каленях, на гарачым пяску і аплаквала свайго мужа Асірыса, я чакала, калі наш сын – светлы сокал Гор аддасць сваё вока бацьку, і Асірыс паўстане з мёртвых. Горам быў юны Аменхатэп ІV. Ён назіраў за ўсім, што адбывалася з вышыні, разам са жрацамі. А жрацы, быццам наўмысна, не выпускалі Асірыса. Я стаяла ўкленчыўшы на гарачым пяску. І колкія гарачыя пясчынкі праз гэтую вось танюткую белую сукенку апякалі мае калені, мае ногі. І сонца сляпіла вочы. Пякло нясцерпна. Я зірнула ўверх. Малады Аменхатэп стаяў між жрацоў, якраз на фоне сонечнага дыска і ягоны сілуэт, чорны, рэзкі, сапраўды нагадваў сілуэт сокала Гора. Ён быў без вока. Ён даўно аддаў сваё вока. Каб вызваліць свайго бацьку Асірыса. Каб высушыць мае слёзы. Каб зямля адрадзілася ад зімовага сну. Чорны птушыны сілуэт на фоне пякучага, нясцерпна пякучага сонца. Гэта апошняе, што я памятаю. Страціла прытомнасць. Мая служанка, мая верная Ія потым расказала мне, што Аменхатэп ІІІ вырваўся з рук жрацоў, усхапіў мяне на рукі і панёс у цень. Я памятаю ягоныя моцныя цёплыя рукі, так бацька калісьці люляў мяне. І яшчэ памятаю прахалоду, паўзмрок храма, зараснікі папіруса, зорнае неба над галавой, смак дажджу. Потым я зразумела, што гэта не папірус, а калоны, і неба не сапраўднае, намаляванае. А ваду ліе на мяне мая служанка… І толькі рукі. Ягоныя моцныя рукі былі праўдай. Ведаеш, што ён сказаў мне тады? «Ты лёгкая, як пёрка…» Як пёрка…
– Археолагі расказвалі мне, – перабіла я споведзь царыцы, – што ў Старажытным Егіпце верылі ў тое, што пасля смерці Анубіс, бог падземнага царства, узважвае чалавечую душу. Каб лічыцца бязгрэшным, трэба, каб яна, душа, была лягчэйшаю за пёрка. Анубіса так і малявалі, з шалямі ў руках. На адной чашы – душа, а на другой – пёрка…
– Аменхатэп ІІІ пасля смерці не набыў вечнага жыцця. Ягоная душа пераважыла пёрка, – задумліва прамовіла Неферціці, – Ён шмат грашыў. Ён быў воін. Ён забіваў. Ён вымушаны быў забіваць. Але ў яго былі такія моцныя і пяшчотныя рукі…
– А ягоны сын, Аменхатэп ІV? – спыталася я. – Цябе ж усе ведаюць, як ягоную жонку.
– Аменхатэп ІV быў зусім іншы… Ён менш ваяваў, менш забіваў. Але ён знявечыў, растаптаў маю душу… І я, хоць нарадзіла яму дочак, выхоўваю зяця, наўрад ці змагу дараваць яму…
Неферціці ўзняла галаву. І я пазнала, цяпер вось зусім пазнала яе профіль, высакародны профіль царыцы…
– Але