Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) страница 10
– Як проста…
– Усё складанае наяве проста. Толькі трэба дакладна ведаць, з якога боку да яго падступіцца…
– Вы, Леанарда, пэўна, таму так шмат паспелі ў жыцці. Паспелі, таму што ведалі, як складанае пераўтварыць у простае, а ў простым угледзець цэлы космас. Сусвет… Усе вашыя творы – гэта сама…
– Недасканаласць. Вы хацелі сказаць дасканаласць, але ўсе мае творы – сама недасканаласць. І мелі рацыю тыя, хто здзекваўся з мяне, смяяўся.
– Гэта, пэўна, былі вельмі недалёкія, тупыя людзі.
– Ды не… Сярод тых, хто смяяўся з мяне, былі нават геніі.
Леанарда адвёў, апусціў вочы. Адыйшоў убок. І скрозь люстэркавую смугу я ўбачыла вуліцу… На лавачцы сядзелі, нешта абмяркоўвалі некалькі маладых італьянцаў. Па іхнім адзенні я здагадалася, што яны жывуць у эпоху Леанарда. Прыслухалася.
– …Так казаў Дантэ. Але што гэта значыць…
– Спытаемся ў Леанарда. Вунь ён кіруе сюды ад царквы Санта-Трыніта.
Лёгкаю хадою той якраз праходзіў паўз іх. Ад просьбы сумеўся, разгубіўся. Але тут з ім параўняўся і, злёгку кіўнуўшы, пайшоў далей не хто іншы, як Мікеланджэла. Леанарда з хваляваннем гукнуў яго: – Можа, ты патлумачыш гэтым людзям адзін урывак з Дантэ?
Мікеланджэла рэзка павярнуўся і груба кіўнуў: – Нене. Растлумач лепш ты, ты, які зрабіў праект бронзавага каня, але не змог адліць яго і, да сораму свайго, пакінуў яго недаробленым.
Леанарда пачырванеў. Мікеланджэла ж кіўнуў яму здаля: – І гэтыя тупагаловыя міланцы маглі паверыць табе!
Леанарда, счырванелы, разгублены, падняў да мяне свае вочы. Я ўсё зразумела, і паспрабавала суцешыць яго: – Не трэба, не трэба нічога тлумачыць. Гісторыя ўсё расставіць на свае месцы. Я ведаю, шаноўны, дарагі Леанарда, чытала пра тое, што сталася. На ваш час, як, зрэшты, і сёння, мастакі не маглі абыйсціся без багатых заказчыкаў. А фларэнтыйскія банкіры Медычы любілі надуманыя творы і занадта вытанчаную, далёкую ад рэальнасці манеру. Не для Вас. І Вы вырашылі перабрацца з Фларэнцыі ў Мілан, дзе цараваў герцаг Ладавіка Мора, які даў Вам магчымасць выявіць сябе ва ўсім.
– Перш чым паехаць у Мілан, – усміхнуўся з залюстроўя Леанарда, – я напісаў герцагу ліст, у якім падрабязна пералічыў усё, што ўмею… І найперш пра тое, што датычыць ваенных вынаходніцтваў. Усе ўладары ў наш час любілі ваяваць. «Я ведаю спосаб рабіць надзвычай лёгкія масты, – пісаў я, – якія да таго ж лёгка пераносіць і іх можна выкарыстоўваць для праследвання ворагаў і для ўцёкаў ад іх…» А пра свае мастацкія здольнасці толькі ў канцы: «У мірны час я спадзяюся вытрымаць спаборніцтва з кожным у архітэктуры, у пабудове дамоў… Я таксама бяруся ў скульптуры, у мармуры, бронзе або гліне, як і ў жывапісу, выкнаць усё, што магчыма, не горш за кожнага, хто жадае памерыцца са мною.» Але для багатых людзей нашага часу важней былі ваенныя вынаходніцтвы…
– І