Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) страница 11
Я чакала, што Леанарда назаве імя, але ён задумаўся і замоўк. Давялося працягваць самой: – Вы сустрэлі Мону Лізу дзі Антоніа дзі Кольдзі Герадзіні, жонку фларэнтыйскага купца Франчэска дэль Джаконда? Або знатную неапалітанку Канстанцыю д’Авалас? Навукоўцы дасюль ніяк не вызначацца…
– Няхай гэта застанецца таямніцай. Мона Ліза, дык Мона Ліза. Ёй было 24, мне – 42.
– 2442, – паўтарыла я і напісала лічбы на паперы, – Ізноў люстэрка. Люстэркавая сіметрыя. Нават страшна робіцца. Вы, праўда, тры гады пісалі яго, гэты партрэт?
– Так, і скончыў у 1503 годзе.
– Паўтысячагоддзя прайшло.
– І вось мы зноў сустрэліся, – сказаў Леанарда і неяк сумна ўсміхнуўся, – Цяпер не ў рэальнасці. Праз люстэрка часу. Я сам вынайшаў гэтае люстэрка. І вось з’явіліся Вы. Жанчына з будучыні. Толькі я не буду пісаць Ваш партрэт. Лепш, чым «Джаконда» я ўжо ніколі нічога не напішу.
– Вашыя сучаснікі сведчаць, што, калі яна Вам пазіравала, Вы запрашалі і музыкаў, спевакоў з лірамі, і блазнаў, каб развесяліць яе, зняць з твару меланхолію…
– І яшчэ я чытаў ёй свае вершы…
– Вершы? Вы пісалі вершы? Мы ведаем, што вершы пісалі Мікеланджэла, Рафаэль. Але Вы… Трактаты, загадкі, байкі… гэта вядома. А дзе ж яны, Вашыя вершы зніклі?
– Я іх не запісваў. Толькі чытаў. Для яе. Потым усё ж вырашыў перапісаць, не простым шрыфтам, люстэркавым. Так, каб іх можна было прачытаць толькі з дапамогай люстэрка. Падарыў ёй. А яна, напэўна ж, схавала, а можа і выкінула тыя паперкі. Каб муж не заўважыў. Але яны, тыя вершы, я ў гэтым упэўнены, засталіся ў яе чароўнай таямнічай усмешцы. Яны пульсуюць у яе жывых вачах.
Ты космас майго залюстроўя,
Маё ў табе адкрыццё.
Адною усмешкай таемнай
Ты мне вяртаеш жыццё.
І крылы я зноў адчуваю,
Як птушка у неба імкну.
Я веру, што там адшукаю
Ключы. І рай адамкну.
– А на зямлі ўсё іначай,
– міжволі прамовіла я, —
Банкіры, купцы, каралі.
І хмаркі у лужынах гразнуць,
Як толькі крануцца зямлі…
– Восьвось… Тады ў ёй я ўбачыў самога сябе. Як у люстэрку. І каб я быў птушкай, я б навучыў яе лётаць. І мы б узляцелі. І мы б адляцелі туды, дзе пануе найвышэйшая гармонія. А так… Мы проста раставалі адно ў адным. Ці гэта мне толькі здавалася…
Леанарда падняў руку і дакрануўся да шкла. Я міжволі зрабіў тое ж. І мая далонь бяссільна слізганула па люстэрку.
– Птушцы, якая ляціць супраць ветру і хоча сесці на высокім месцы, неабходна ляцець вышэй гэтага месца, а потым павярнуцца назад і без узмахаў крыламі апусціцца на вызначанае месца…
– Я занадта важкая, каб узляцець…
– Душы не маюць вагі…
Радэнава вакханка