Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) страница 15
Я ведала, бачыла з акна, як Гаўдзі – то засяроджаны, то радасны, натхнёны – здзяйсняе свае новыя праекты, будуе дзіўныя, абкладзеныя рознакаляроваю кафляю дамы з падобнымі да ракавінаў вінтавымі лесвіцамі і столямі, прыдумляе поўныя дзівосаў паркі, стварае каменныя каралы і кветкі, казачных востразубых драконаў і бясконцыя змейкілаўкі. І ўсе гэтыя ягоныя архітэктурныя фантазіі і вынаходніцтвы тут, у пакоі, паўтарала – у пластыцы, у колеры – нашае з ім так раптоўна, ад аднаго пагляду народжанае святло…
Я ведала, галоўным для Гаўдзі ўсе гэтыя гады заставаўся храм, які, так мроілася Гаўдзі, мусіў стварацца, вырастаць з самое зямлі… З зямлі, каменю, паветра. Так дзеці будуюць ля мора свае казачныя замкі з пяску… Ён хацеў так уславіць Бога, увасобіць у храме ўсе вобразы Святога пісання. Безліч фігур, кожная з якіх мусіла займець свой голас, сваю мелодыю. Яны, гэтыя галасы, ужо гучалі ў ягонай душы магутнымі арганнымі акордамі…
Я ведала, што Гаўдзі будаваў гэты храм не толькі для людзей, але і для нашага з ім неўтаймоўнага, так раптоўна, нечакана народжанага святла… Пакуль храм не будзе дабудаваны – яно, нашае святло, беспрытульнае, змушана будзе блукаць па свеце.
А тым часам я і не заўважыла, як дом без кутоў прадалі. Яго ператварылі – увесь, за выключэннем майго, нашага з Гаўдзі і са Святлом пакоя – яго ўвесь ператварылі ў ігральны дом. Па вечарах, мне было чуваць, усе пакоі і залы запаўняліся шумлівымі, прагнымі да грошай і выпадковай удачы людзьмі. Яны крычалі, плакалі, клялі адно аднаго і свой лёс. Яны хутка хмялелі, п’янелі і брыдка лаяліся. Адзінае: ніхто з іх ніколі не набліжаўся, не адчыняў дзверы ў мой, у наш пакой. Ніхто з іх і памысліць не мог, што ў доме існуе гэты пакой з дзвярыма, падобнымі да крылцаў матылька, з празрыстымі бэзавымі, крыху як бы запацелымі шкельцамі… Пакой, дзе я чакала Гаўдзі. І куды час ад часу ўсё яшчэ прылятала, прыплывала нашае з ім дзіўнае святло: празрыстая, прамяністая дзявочая здань. Прыплывала дзеля таго, каб для адной мяне выканаць па-Дунканаўску лёгкі, палкі танец кахання.
Гаўдзі апантана будаваў свой сабор і, можа, нават ніколі не згадваў пра мяне… Пра нас… Але аднойчы… Аднойчы, ідучы па горадзе (я сасніла ці прымроіла ўсё гэта як бы наяве), ён раптам убачыў, выпадкова ўбачыў цудоўныя белыя ружы.
Па колеры яны былі не зусім звычайныя. Не халаднаватыя, не снежнабелыя, а мяккія, малочныя, з ледзь улоўным цёплым сонечным адценнем… Яны былі такія свежыя, што па іх пялёстках перакочваліся, міргалі дыяменцікі роснага святла. Жанчына, якая зрэзала іх раніцой і прынесла на продаж, ведала іх сапраўдную цану. Яна была вопытным кветкаводам і ніколі не зразала апошніх, пры сцяблінцы, зеленаватых пялёсткаў, якія называюць «сарочкай» бутона.
Яны былі незвычайныя, надта жывыя… гэтыя ружы. Яны дыхалі, нават, здавалася, намагаліся нешта вымавіць. Гаўдзі спыніўся – а можа, гэта яны, гэтыя ружы, самі спынілі неўтаймоўнага