Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) страница 16
Замест ценю, я гэта адчувала, вакол мяне паранейшаму блукала святло. Гаўдзі зайшоў. І яно, гэтае неўтаймоўнае святло, як у кроплю, сцяклося ў белую ружу, якая адразу пачала люстравацца ў сценах, на столі, на падлозе. Гэты жывы, светланосны бутон то расцякаўся, то зноў набываў ясныя, выразныя абрысы, што рассыпаліся, расцякаліся ў пялёсткавым ззянні. Кветка пульсавала. Дыхала, і я ведала: яна прагне ператварыцца ў жанчыну, яна прагне паказацца і заваражыць неўтаймоўнага Гаўдзі…
– Усе думалі, што я загінуў. А я вось проста нарэшце, здаецца, дайшоў, наблізіўся да Вас. Мы здолелі. Глядзіце, мы з Вамі, усё ж пераадолелі час!
Гаўдзі пасталеў. Ён цяпер выглядаў нават старэйшым за мяне. Але ягоная вострая, светлая ўсешка, ягоны пагляд, як і раней, заставаліся для мяне цэлым акіянам святла, у якім я раставала – і адраджалася наноў.
Я раставала і адраджалася наноў у незвычайным аксамітным пялёсткавым ззянні магічнага светланоснага, жывога крышталіку любові…
Космас Драздовіча
З першых беларускіх фэнтазі
Як толькі снег стаў гарачым, ён зразумеў, што ягонае існаванне на Зямлі скончана, бо дакладна ведаў, нішто не жыве, не расце ў гарачыні, як нішто не жыве, не расце ў холадзе. Невыносная, смяротная сцюжа сталася невыноснай, смяротнай спёкай. Сонца засляпіла вочы. І ў тое самае імгненне, калі снег, у гурбу якога ён уваліўся, апёк яго, як агонь, перад ягонымі вачыма ў вясёлкавым сонечным ззянні з’явіўся чароўны замак, адзін з тых, якімі ён столькі разоў мроіў на маляваных дыванах, што аздабляюць сцены ў хатах ці не ўсіх навакоьлных вёсак, да кожнай з якіх яму цяпер ісці ды ісці. Не дайшоў. Уваліўся ў снег. І ўсё заглушыла, апякла завея. І вось тады чароўны замак сам прыплыў да яго. Дзверы расчыніліся.
– Дзядзька Язэ-э-э-п!
– Э-Э-Э-П! – рэхам азвалася наваколле.
На прыступках замка стаяў дзіўны маленькі чалавечак. Хлопчык? Дзядзька Язэп падняўся. Абтрос снег. Прыгледзеўся.
– Ты хто? – спытаў ён збянтэжана.
– Э-э-э-п.
Снег раставаў, сцякаў кроплямі, ручаінкамі, лужыны выпараліся, і зпад іх прабівалася трава. І праз цёплы туман твару таго, хто стаяў на парозе чароўнага замка, было не ўгледзець. Толькі сілуэт. Невысокі чалавечак, пэўна ж, хлапчук у даўгой белай сарочцы. Вялікая галава і вушы, як вушкі пасудзіны, тырчком. Беднае дзіця! Дражняць пэўна… Цёпла. Цяпло. Вось яна формула