Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сакрамэнта - Галіна (Галіна Багданава) страница 17
– Мара… але ты мастак. Мастакі, пісьменнікі, тыя, каму дадзены талент увасабляць у творах вобразны свет сваёй мары, у ім, гэтым свеце, і жывуць пасля, калі пераступяць парог Вечнасці.
– Гэта значыць, што я памёр? – удакладніў дзядзька Язэп і ўздыхнуў.
– Ты памрэш для тых, з кім жыў на Зямлі. Але ж ты вельмі рэдка маляваў тых, хто жыў з табою побач. Ты спрабаваў уявіць тых, хто жыў раней, і нас, жыхароў іншых планет. Ты лягчэй існаваў не ў рэальным, а ва ўяўным, табою самім створаным свеце. Ты адзін з першых сярод зямлян намаляваў нас такімі, якія мы ёсць наяве. Не так далёка ад цябе, у Расіі жыў яшчэ адзін касмічны вандроўнік – Цыялкоўскі. Але ён спрабаваў вынайсці транспарт, здольны пераадолець зямное прыцягненне. І праз некалькі стагоддзяў людзі, скарыстаўшы ракеты, даляцяць і да нашай планеты. А твой шлях да нас быў самым наўпростым. Ты нафантазіраваў, ды не, хутчэй, дзякуючы сваёй мастацкай інтуіцыі, убачыў нас такімі, якія мы ёсць наяве. «Нябесныя бегі» тваёй фантазіі наблізілі цябе да ісціны, і вось ты тут, на парозе табою самім нафантазіраванага чароўнага замка. Ён чакае цябе. Заходзь. Я дапамагу табе пераступіць парог тваёй Мары…
І маленькі чалавечак працягнуў дзядзьку Язэпу сваю ручкулапку. Вільготную і халодную. Але дзядзька Язэп разумеў, што ён не можа, не мае права гідзіцца, бо і гэтага чалавечка з круглымі вочкамі без зрэнак, і гэтую вільготную халодную ручкулапку ён сам прыдумаў. Намаляваў і пакінуў на ўспамін пра сябе на адной са сваіх карцін.
За парогам замка іх чакала прахалода. Плынь сонечнага святла, праходзячы праз затканыя рознакаляровымі вітражамі спічастыя вокны, пераўтваралася ў дзівоснае вясёлкавае ззянне, дываном клалася пад ногі. А далей быў яшчэ адзін выхад. З узвышша, на якім стаяў замак, адкрываўся дзівосны, незямны краявід.
З аднаго боку, сярод лясоў бялелі прыгожыя, дасканалыя, падобныя на старажытнагрэчаскія храмы збудаванні з калонамі, з другога – узвышаліся вострыя, як іклы, вежы…
– Дзе ты спачатку хочаш пажыць, – не выпускаючы рукі дзядзькі Язэпа, ціха спытаў у яго маленькі чалавечак, – у сваім Артаполісе – горадзе мастацтва, ці ў Трывежы? І там, і там цябе чакаюць. Ты мусіш абжыць свет сваёй Мары. Працы хопіць табе на Вечнасць, на цэлую Вечнасць. Тут, у гэтай прасторы няма часу, дакладней, ніхто яго не адчувае. І ты не будзеш яго адчуваць. А ўсё, што здзейсніш тут, у гэтай прасторы, у гэтым вымярэнні, потым здзейсніцца на тых планетах, якімі ты мроіў у сваіх творах, у сваіх «Нябесных бегах».
Дзядзька Язэп маўчаў, зніякавеўшы ад грандыёзнасці жывой карціны свайго стварэння.
– Не хвалюйся. Я буду дапамагаць табе, – дадаў малы чалавечак.
– А як цябе зваць? – нахіліўся да свайго спадарожінка дзядзька Язэп і ўздыхнуў.
– Эп, заві мяне проста Эп. Так табе будзе прасцей. Я ж тваё стварэнне, – адказаў з усмешкаю, самаю прыемнаю, на якую быў здольны, чалавечак і ўважліва паглядзеў на дзядзьку