Непамяркоўныя. Леанід Маракоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Непамяркоўныя - Леанід Маракоў страница 5
Энкавэдысты яго яшчэ не ўбачылі, i ён меў шанец вярнуцца ў вагон i паспрабаваць неяк схавацца. Але зрабіць гэта перашкодзіла логіка. Калісьці на следстве логіка яго не падвяла. Зараз таксама разважыў лагічна: «А можа, гэта i не па маю душу? Мяне ж нядаўна арыштоўвалі i, разабраўшыся, як яны казалі, адпусцілі. Навошта ж арыштоўваць толькі што вызваленага?»
Ды гэтым разам логіка Валерыя якраз і падвяла. І не проста падвяла – загубіла. Чацвёра ў скуранках чакалі акурат яго, прыехалі на вакзал па ягоную душу. Праз хвіліну ён зразумеў гэта і паспеў яшчэ горка пасміхнуцца з самога сябе і са сваёй разумнай чалавечай логікі. Знайшоў, няўдача, у каго шукаць паслядоўнасці. У ваўкоў адно наўме – хапаць і шкуматаць. Так і ў гэтых…
Калі Валерыя акружылі, зрабіць што-небудзь было позна. Адно пашкадаваў, што не ўзяў у Менск пісталета. Гэтак схібіць! Абяцаў жа сабе і Тодару жывым не здацца, забраць з сабой у магілу хоць аднаго энкавэдыста. А выйшла наадварот. Не ён – яго забралі. Гэта школьныя вакацыі зусім збілі з панталыку маладога настаўніка беларускай мовы i літаратуры, класнага кіраўніка 7 «Б» класа Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-cipoт. Забегаўся, замітусіўся, расслабіўся з дзецьмі. Думаў: пастукаюць у дзверы, ён адчыніць i, пераканаўшыся, што прыйшлі па яго, дастане з кішэні пісталет. Меркаваў чамусьці, што акурат гэтак і будзе: па яго прыйдуць. А яны не прыйшлі і не пастукалі. Яны чакалі на вакзале, сярод дзяцей.
Валеры не ведаў, што другая чацвёрка ў Бабруйску гэтай самай парою стукае ў ягоныя дзверы. Не ведалі i энкавэдысты, што, калі б прыйшлі туды днём раней, напароліся б на кулі.
Не ведаў, нават і ў думках не дапускаў i сябра Валерыя, ціхі абачлівы Тодар, што роўна праз год яго як контррэвалюцыянера расстраляюць у тых самых казематах, дзе i Валерыя.
Не ведала пра расстрэл Тодара i яго жонка Яніна. І ў найстрашнейшым сне ёй не магло прысніцца, што дзіця, якога яна чакае, народзіцца ў канцлагеры.
Не ведаў і Андрэй-салавей, што хвалебныя оды бальшавікам не ўратуюць яго ад «всевидящего ока». Арыштуюць паэта-камсамольца таксама не ўначы і не дома, як гэта звычайна рабілася, а нядзельным ранкам. Яго знойдуць разам з сябрам на рыбалцы. Стоячы па калені ў вадзе, Андрэй перадасць вуду таварышу і скажа: «Мікола, трымай! Праз гадзіну вярнуся».
Пасля гутарак у «амерыканцы»[2] з наркамам унутраных спраў БССР Наседкіным тая гадзіна расцягнецца спачатку на дзесяць гадоў, потым – яшчэ на сем.
З турмы Андрэй выйдзе толькі пасля смерці чалавека, рэжыму якога ён прысвяціў сотні палымяных радкоў.
2
Унутраная турма НКВД, названа гэтак за сваю «амерыканскую» архітэктуру – у выглядзе круглай вежы дыяметрам некалькі дзясяткаў метраў.