Непамяркоўныя. Леанід Маракоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Непамяркоўныя - Леанід Маракоў страница 9
«Як сабака, – падумаў Платон, – без слоў разумее. Добрую змену сабе Быхоўскі падрыхтаваў».
– Дык вось, – з той жа здзеклiвай прыязнасцю працягваў следчы, – твая надзея, тваё заўтра, твой красунчык Платон красунчыкам ужо не будзе. Дый ці справядліва гэта? Паглядзі на мяне. Усё жыццё, з дня ў дзень, служу барацьбе за святую справу – і на табе: «нос картошкой, хрен гармошкой, уши торчком». Жанчыны нават кветкі баяцца ад мяне прымаць. Несправядліва неяк у нябёсах размеркавалі. Цяпер усё будзе інакш, па справядлівасці. Твайму красунчыку, думаю, дзеўкі перастануць надакучаць. Глядзіш, з галадоўлі і нас, убогіх, заўважаць… Максімыч, – звярнуўся Быхоўскі да вучня таксама па бацьку, – заснуў, ці што? Запрасі дзеда прысесці.
Стажор зразумеў, чаго ад яго хочуць, але не разлічыў: народны праляцеў міма табурэткі і ўпаў грудзьмі на стол Быхоўскага.
– Ай, Максімыч, – дакорліва сказаў той, – малады, а з нервамі не ўсё ў парадку. – І, ссоўваючы старога на табурэтку, ужо ў адрас Платона дадаў: – А ты, маўчун, глядзі і запамінай, як праз цябе – толькі праз цябе! – пакутуе твой бог, твой настаўнік!
Зноў вачыма Быхоўскі падаў знак стажору – той умомант вырваў табурэтку з-пад народнага артыста і, перш чым стары грымнуўся на падлогу, паспеў ударыць яго нагой у спіну. Натхнёны поспехамі Максімыча, кінуўся да народнага і следчы. Але раптам наткнуўся позіркам на здранцвелага ў куце Платона і, нібыта апамятаўшыся, адапхнуў раз’юшанага стажора:
– Кліч Ігната з хлопцамі. Можа, у маўчуна пасля «ластаўкі» развяжацца язык.
Праз колькі хвілін у кабінет убеглі трое.
– Гэтага, што ў куце залёг? – спытаў першы з іх – Ігнат. Следчы адмоўна хітнуў галавой.
– Старога? – паказаў Ігнат пальцам. – Ён жа загнецца. – Але сутыкнуўся з жорсткім поглядам следчага і кіўнуў: – Зробім!
Адзін са спецыялістаў па «ластаўцы» ўдарыў старога кулаком у жывот, а другі схапіў за сівыя валасы і пацягнуў яго галаву да ног. Пачуўся хруст.
У Платонавых вачах паплыў туман. Ён яшчэ бачыў, як на цела, сагнутае падковаю, паставілі крэсла і стажор, задаволены тым, што сцяміў, куды трэба сесці, заўсміхаўся. Стары хрыпеў. Калі следчы ступіў да яго і адвёў для ўдару нагу, Платон прашаптаў:
– Звяругі!
На здзіўленне, ягоны шэпт пачулі адразу.
Паднятая нага рэзка апусцілася. Яшчэ праз імгненне следчы апынуўся каля Платона і з ходу замалаціў нагамі па ім – то правай, то левай. Лупіў і хрыпеў:
– Мала табе было, мала?! Ну дык зараз дастане! Трымай, нацдэмаўскі вырадак, трымай!
Спыніўся, толькі калі ўбачыў, што падследны на ўдары не рэагуе – нават не ўздрыгвае. Быхоўскі плюнуў, перавёў дых і са злосцю рыкнуў на спецыялістаў па «ластаўцы»:
– Чаго вылупіліся?! Ламайце гада!
І яны зламалі. Зламалі народнаму хрыбетнік. Але Платон гэтага ўжо не бачыў.
Ён ляжаў нерухома. Ён зноў адыходзіў