Непамяркоўныя. Леанід Маракоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Непамяркоўныя - Леанід Маракоў страница 12
Яна адцягнула яго адростак і паласнула нажом.
Рукавіца, як пыж са стрэльбы, вылецела з перакошанага ад болю рота, і нечалавечы крык аглушыў зеленавокую. Акрываўленымі рукамі яна схапіла Хрыпатага за горла. Не для таго, каб абарваць гэты крык ці задушыць вылюдка, – хацела бачыць ягоныя вочы.
– Цяпер, нелюдзь, ты ўжо нікому нічога не загадаеш. Жыў жывёлінай, жывёлінай і здохнеш, – прашаптала, не заўважаючы, што Хрыпаты ўжо не хрыпіць.
У калідоры пачуліся крокі, гаворка. Нехта набліжаўся.
«Не спіцца шакалу, – пазнала яна голас галоўнага халуя. – І гэтая гніда квапілася на мяне: “Я – не ён, я разлічуся”». Падбегла да дзвярэй, затаілася: «Не ты – я разлічуся!» У пакой уваліўся Фелікс, і яна кінулася на яго. Нож толькі слізгануў па ўкормленай шыі: вертухай, які забег у пакой услед за Феліксам, адкінуў яе ўбок. Зеленавокая наляцела на рог стала і страціла прытомнасць.
Яна ведала, на што ішла, і зараз, калі яе вялі да лагернай ямы-магільніка, была спакойная: яна ж ідзе да яго, да свайго, як у іх кажуць, чалавека – да мужа. Нібы дзве маленькія далёкія зорачкі, свяцілі ёй уначы яго родныя вочы.
«Нас больш, чым нелюдзяў, – думала яна. – І калі за жыццё кожнага з нас заплаціць сваім жыццём адзін з вылюдкаў, то раней ці пазней застанемся толькі мы. Нас будзе мала. Мажліва, вельмі мала, але – свет стане іншым».
Следчая брыгада, накіраваная на станцыю Рашоты для высвятлення абставін забойства начальніка лагернага пункта, да месца прызначэння прыбыла толькі праз тыдзень: непагода затрымала.
Старшы следчы оперчэкісцкага аддзела сядзеў за сталом Хрыпатага, глядзеў праз акно на драцяную агароджу, пастукваў пальцамі па асабістай справе зэчкі, якая забіла начлагера, і думаў: а яна ўсё ж дамаглася свайго – засталася побач з мужам назаўсёды.
An Old Man
Ён зразумеў: такі бег яму не пад сілу. Калі б ведаў раней, што стралкі так зацята будуць гнацца, можа, i не рызыкнуў бы змагацца за волю, не наважыўся б на ўцёкі. А цяпер…
Цяпер безуважнае да ўсяго цела імкнула наперад, насустрач яркім і калючым сонечным промням. Яны разбіваліся аб галіны дрэў, ператвараліся ў зоркі. Зоркі сляпілі. Дзень абарочваўся ноччу. Ноч – пеклам. Сэрца вырывалася з грудзей, хапатлівае дыханне перацінала горла, ногі наліваліся свінцом. Ён зрабіўся зверам. Загнаным зверам, якога заставалася дабіць.
«Taкі бег не для мяне», – яшчэ раз пранеслася ў галаве. Але цела, вытрымліваючы нечалавечыя нагрузкі, працягвала ляцець.
«Гэта Бог дапамагае! – падумаў уцякач, хоць і не верыў у Бога. – Бог – ёсць! Інакш чаму, ушчэнт знясілены, я бягу? Адкуль сілы?»
Уцякач пачуў аддаленыя высокія гукі. Спужаўся: што гэта? Мо здалося? Не, гэта – брэх! Па ягоным следзе пусцілі сабак! Што