Непамяркоўныя. Леанід Маракоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Непамяркоўныя - Леанід Маракоў страница 15
Прачнуліся і ўжо не маглі заснуць. Анямеўшы ад жаху, яны ляжалі і слухалі споведзь забойцы.
Як зазвычай, кат устаў каля дванаццатай, адаспаўшы сваю норму – шэсць гадзін. Ён быў задаволены. Адпачыў і цяпер зноў зможа працаваць. Галоўнае – рукі не дрыжэлі, i гэта радавала: значыць, не спішуць, стары конь яшчэ спатрэбіцца. Кат ужо не думаў пра свае начныя раскаяннi, як, зрэшты, i заўсёды, калі ўдавалася добра адаспацца.
Па кватэры шнырылі дзеці, i ён, бы клапатлівы бацька, паглядзеў, што засталося з ежы. Бач ты, усё падмялі. Але такой бяды, ён прынясе. Вечарам, перад начною зменай…
Ён правільна адзначыў: дзеці шнырылі па кватэры. Не бегалі, не насіліся, а менавіта шнырылі. Асабліва старэйшыя. Шнырылі, шукаючы – чаго? Ён падумаў – як зазвычай, ежы. На гэты раз – памыліўся. Дзеці, найперш Лена і Слава, сноўдалі па кватэры зусім не ад голаду. Гэтай ноччу да іх прыйшла думка пра помсту. Хай ён толькі пойдзе! Яны адразу ж пачнуць рыхтавацца да суда і кары. Можна было б – дый трэба! – абысціся без суда, як без суда знікалі іх бацькі, але спярша трэба даведацца прозвішчы. Свае сапраўдныя прозвішчы! А потым ужо – пакараць смерцю. Пакараць – і квіта! Памілаванню ён не падлягае.
Цэлы дзень на пустцы Лена трэніравала руку – лупіла па затравелых купінах важкаю палкай. І вечарам, калі «бацька» прынёс смачненькае i зноў пайшоў на работу, прадоўжыла практыкаванні. Налічыўшы добрую сотку ўдараў, супакоілася: годзе, а то, чаго добрага, перастараецца і знянацку заб’е адразу.
Кат вярнуўся, як і звычайна, на досвітку. Упоцемку пад’еў, распрануўся, дастаў схаваны пад ложкам абраз, выцер яго і прыставіў да сцяны. Уздыхнуўшы, укленчыў перад ім.
Гэтага моманту i чакалі Лена са Славам. Чакалі з трывогай: баяліся заснуць. Але хваляваліся дарма: сну не было ні ў адным воку – занадта моцна ўразіла іх пачутае мінулай ноччу. Укленчаны пры абразе цень стаяў перад вачыма. I яны чакалі. Не цярпелася даведацца, хто іхнія бацькі. I галоўнае – пакараць забойцу. Яны пакараюць яго, і гэта будзе ix перамога. Перамога справядлівасці. Але спачатку – прозвішчы…
– Божа! Гэта апошні раз, клянуся! – зацягнуў кат сваю малітву.
Яго мармытанне падштурхнула Лену. Рука ўзнялася, і палка апусцілася на галаву амаль нябачна і ціха.
Кат тыцнуўся тварам у падлогу, і да яго кінуўся Слава. Вяроўка за час чакання ажно ўзмакрэла ў руках і выслізгвала. Усё ж яму ўдалося звязаць чалавека ў споднім. «Чалавека? – перапытаў сябе Слава. – Не, чалавека мы не забівалі б».
Лена шапнула:
– Правер яшчэ раз, ці добра звязаны. Не дай Бог… Слава паслухмяна зацягнуў тужэй канцы вяроўкі, сказаў з мужчынскай упэўненасцю:
– У мяне не вырвецца! – І дзелавіта спытаў: – Пачакаем, пакуль сам ачухаецца?
– Пачакаем. Хай сам…
Кат не ачуньваў. Як тыцнуўся носам у падлогу, так і ляжаў – хвіліну, другую, трэцюю. Госпадзе, як жа яго разбудзіць? Дакранацца да яго не рашаліся, а ён усё не варушыўся…
Лена