…І прыдбаў гэты дом. Мікола Адам
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу …І прыдбаў гэты дом - Мікола Адам страница 11
Зарына штурханула брамку, каля якой стаяла, і, не азіраючыся, пайшла ў двор. Ведала, што бацька не адстане.
Атынкаваны, але ўжо месцамі аблуплены, як варанае яйка, дом негасцінна зарыпеў уваходнымі жалезнымі дзвярыма. Адразу ж, як увайшлі ў памяшканне, абдала цяплом і пловам, шумнымі галасамі і тытунёвым дымам. Затрымаліся ў вітальні. Зарына паглядзелася ў люстэрка на сцяне, падмазала чырвонай памадай вусны.
У вітальню з агульнага пакоя вылецеў, хутка і злосна нешта балбочучы па-казахску, Агайдар. Валасы яго былі ўскудлачаныя, кашуля расшпіленая, на вузкай плоскай грудзіне ружавеў нажавы неглыбокі, але непрыгожы шнар, вочы чырванелі набухлымі крывёю сасудамі на бялках.
– Якія людзі ў Галівудзе! – зачапіўшыся аб задраны краёк пасланага на падлозе саламянага кілімка, выгукнуў ён і пазіраў то на Зарыну, то на бацьку. – Ну, праходзьце, калі прыйшлі! – запрасіў у агульны пакой неспадзяваных гасцей і, не чакаючы тых, вярнуўся туды, адкуль выскачыў.
Бацька разгубіўся. Яму раптам захацелася сысці адгэтуль і ніколі больш не вяртацца! Што і каму ён дакажа? Каго пакарае? Вінаваціць у першую чаргу трэба было сябе. Ведаў жа, што піць з незнаёмымі нельга, тым больш ехаць з імі кудысьці. Зарына скінула футэрка, узяла бацьку за руку і павяла за сабой, тым самым прагнала яго думкі, як зграю галодных, але нерашучых ваўкоў ці, хутчэй, сабак. Бацька паслухмяна пайшоў за ёю, дакладней, за завіткамі валасоў на шыі, такіх жа, як у Раі. Да іх карцела дакрануцца, а яшчэ – схапіць дзяўчыну ў ахапак і бегчы адсюль на злом галавы ў краіну шчасця, дзе б тая ні знаходзілася.
Ён затрымаўся ў дзвярным праёме. Пасярэдзіне пакоя стаяў вялікі стол (багата сервіраваны гароднінай, садавінай, мясам і алкаголем, асобна выдзяляўся казан з пловам), абсаджаны рознакалібернымі таварышамі Агайдара, таксама прадстаўнікамі казахскай нацыянальнасці, гундзеўшымі па-свойму. У левым куце працаваў каляровы тэлевізар, экран якога адлюстроўваў буднія дні савецкага ўгалоўнага вышуку ў асобе Яўгена Жарыкава. На канапах каля правай і левай сценак была паскідана гарой адна на адну верхняя вопратка прысутных. Да адной з канап наблізілася Зарына, ззяючы бліскучай сукенкай, падобнай на рыбную луску, села, закінула нага за нагу, утапіла локаць у горцы атласна-кветкавых падушак.
Агайдар наліў дзве шклянкі гарэлкі да краёў і падышоў да бацькі.
– Вып’ем міравую, брат! – працягнуў адну шклянку яму, прыязна ўсміхаючыся. – Мой дом – твой дом, – працягваў вяшчаць, калі бацька ўзяў шклянку. – Еш, пі, колькі хочаш! Плоў, бешбармак, Зарына, усё тваё. Забудзем крыўды, будзем сябрамі!..
Апошнюю