…І прыдбаў гэты дом. Мікола Адам
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу …І прыдбаў гэты дом - Мікола Адам страница 8
Каля крамы з адзеннем бацька затрымаўся, пакурыў і зайшоў унутр. Выйшаў адтуль з новым чорным касцюмам, дарэчы, першым у жыцці, вастраносымі скуранымі туфлямі і кашуляй – белай у чорныя плямы картачных пік. Грошай паменела, але тыя, што засталіся, літаральна апякалі праз тканіну кішэняў.
Бацька вярнуўся ў інтэрнат, пераапрануўся ў наўё. Паглядзеўшыся ў люстэрка, спадабаўся самому сабе. Касцюм на ім сядзеў, як на артысце Лешчанка, быццам нарадзіўся ў ім. Удалую пакупку не перашкодзіла б абмыць, каб зносу не было. Напрыклад, з суседам па пакоі – інжынерам з Тэнтэкскай шахты. Заадно больш-менш пазнаёмяцца па-чалавечы. Але той так рэдка з’яўляўся ў інтэрнаце, што чакаць яго не мела сэнсу, да таго ж суботні кастрычніцкі дзень, быццам лісты шчасця, шчодра раздаваў апошняе цяпло. Адлічыўшы некалькі купюр, каб праставіцца на працы, і схаваўшы іх пад электрабрытву «Харкіў» у футаляры, абабітым сінім аксамітам, бацька вырашыў пайсці ў кабак. Пра тое, што лепш было б накіравацца да цёткі Груні з дзядзькам Жэнем і з імі адзначыць першы шахцёрскі заробак, не падумаў. Ён ніколі не быў яшчэ ў піцейных установах, але ведаў, дзе знаходзілася найлепшая, таму ногі самі прывялі да рэстарана, што падпіраў сваімі шклянымі сценамі кінатэатр «Юнацтва» па Ленінскай вуліцы.
Рэстаран расчараваў. У ім было досыць ціха, шэра і будзённа. Са сцяны без вокнаў на наведвальнікаў сумна пазіраў Ленін (вялікае пано з адлюстраваннем правадыра спускалася кілімам ад столі да падлогі), перажываючы, відаць, за перавод прадуктаў і фінансаў, якія ў любым выпадку ператвараліся ў пыл. Суседства з Леніным наўрад ці садзейнічала весялосці ці з’яўленню весялосці, напрыклад, у вобразе Снягуркі і дзеда Мароза. Але ж не сыходзіць, калі ўжо прыйшоў.
Бацька марудна, быццам у чаканні, што хто-небудзь раптам пакліча яго і выцягне з рэстарана, нібы з пасткі, рушыў да найаддаленага круглага століка, засланага аранжавым з махрамі дастарханам. Паркетная падлога пры гэтым рыпела пад нагамі як добра нагуталіненыя кірзавыя боты. Спыніўся каля століка, паклаў руку на спінку крэсла – металічнай канструкцыі ў выглядзе трона без падлакотнікаў, абабітага карычневым дзермацінам, і разгублена азірнуўся на нешматлікіх прысутных. Ніхто з іх не звярнуў на яго ўвагі, акрамя маладой афіцыянткі ўсходняй знешнасці. Не спяшаючыся, яна падышла да бацькі, трымаючы ў руках скураную чорную тэчку з меню.
– Тут заўсёды так? – міжволі запытаў ён яе.
– Як калі, – паціснула вуглаватымі плячыма афіцыянтка, працягнула бацьку меню. – Яшчэ рана для асноўнага наплыву, – памуляўшы вуснамі, дадала.
– Тады, – устрапянуўся бацька, абнадзеены яе словамі, – можа, я пазней зайду? – І паглядзеў