Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве. Лявон Карповіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго алюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч страница 10
У левай частцы карціны Адам «у поце твару» працуе, сын Адама – Каін у цэнтры, апрануты ў ружовае, а Ева – у правай з Авелям на каленях на фоне цудоўнага пэйзажу. Але гэта ня Рай!
«Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду; і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага; а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны» (Быцьцё 4:3—5). Чаму Бог «прыхінуўся» да дару Авеля і «не прыхінуўся да дару Каіна? Можам толькі здагадвацца, што ахвяра аднаго была шчырай, а другога не. Каін павінен быў раскаяцца, але замест гэтага Каіна апанавала зайздрасьць. Бог папярэджвае: «калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім» (Быцьцё 4:7).
Бог судзіць нас толькі за нашы ўчынкі; пакуль ты яшчэ нічога не зрабіў, але цьмяныя і дрэнныя думкі пачынаюць адольваць цябе, ты яшчэ можаш выбраць шлях дабра, ухіліцца ад зла… «Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ» (Да Габрэяў 11:4).
На малюнку маркі два ахвярнікі. Бог прыняў ахвяру Авеля, – дым ад яе ўзьнёсься да неба. Ахвяра Каіна не прынята і дым ад яе слаўся па зямлі.
Не забі. Каін і Авель. Франчэска Трэвізані (1656—1746). Марка пошты Нікарагуа з сэрыі «Дзесяць Запаведзяў», выдадзеная ў 1971 годзе.
Але Каін ня можа панаваць над грахом. Наадварот, грэх яго апанаваў. «І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быцьцё 4:8).
Так, біблейскі тэкст сьцьвярджае, што асновай па сутнасьці ўсіх наўмысных злачынстваў – ад малога да вялікага – зьяўляецца зайздрасьць.
Абмяркоўваючы пытаньне пра Адама, што ён быў створаны адзін, мудрацы Талмуду вынесьлі вэрдыкт: «Чалавек – гэта цэлы сьвет, і той, хто зьнішчае хоць адну душу – зьнішчае цэлы сьвет, а той, хто ратуе хоць бы адну душу, ратуе цэлы сьвет». Найстрашэньнейшая віна Каіна: забіўшы брата, ён забіў усіх ненароджаных яго дзяцей і нашчадкаў, зьнішчыў цэлы сьвет.
У жудаснай сцэне першага ў сьвеце забойства паднятая Каінам дубіна, каб нанесьці ёй удар па брату, бездапаможна балансуючым на ўскрайку каменя, здаецца абрынецца на нас. І, менавіта, абрынулася на нас. Бо першае забойства выклікала ланцуговую рэакцыю, якая не канчаецца…
Каін і Авель (1542—1544). Тыцыян (1480/85—1576). Царква Санта Марыя дэла Салютэ. Блёку пошты Уганды, выдадзены ў 1988 годзе
Бог ізноў распачынае дыялёг з Каінам, і на гэты раз у надзеі на пакаяньне. Ні адзін чалавек не згублены перад Тварам Божым, калі ён здольны пакаяцца. Вось чаму Бог пытаецца ў Каіна: «Дзе Авель, брат твой?» (Быцьцё 4:9). Выраз «Дзе Авель, брат твой?» стаў крылатым: гэта формула адказнасьці