Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Бог кахання Марс - Сяргей Балахонаў страница 18

4
У спальным адсеку, дзе царавала любоў, выразна чулася бушаванне ветру звонку. Ён раз-пораз узмацняўся, але не набываў хуткасці і парывістасці, якія лічыліся б небяспечнымі. Прынамсі, сігналаў трывогі не было, і каханкам не давялося пакідаць ложак, каб сыграць на клавішных дадатковай абароны базы. Калі-нікалі паўтараўся і знаёмы рытмічны грукат у раёне «дальнякоў» – ланцугу аддаленых адсекаў, чыё прызначэнне пасяленцы так і не змаглі высветліць. Пэўнай заканамернасці ў аднаўленні грукату не заўважалася. Інтэрвалы паміж серыямі ўдараў былі нераўнамернымі. Іх інтэнсіўнасць не нарастала. Каханкі – ці то дзеля смеху, ці то з выклікам невядомасці – супольнымі рухамі спрабавалі імітаваць рытміку загадкавага грукатання. Спрабавалі, але збіваліся адразу ж, як толькі справа даходзіла да фінішнай стужкі пяшчотнай дзеі.
Умоўнай раніцай – а да марсіянскіх солаў пасяленцы прыстасоўвацца адмаўляліся – Ягор прачнуўся і падняўся з пасцелі першым. Была яго чарга гаспадарыць на кухні. Па дарозе ў душ ён не прамінуў зірнуць, ці не сышла бура. «Як яна мне ўстыла», – расчаравана буркнуў мужчына, убачыўшы ў ілюмінатары ранейшую карціну. Паветраны душ яго і ўзбадзёрыў, і чарговым разам падштурхнуў да роздумаў. Ваду пакуль даводзілася здабываць аквагенатарам, на што выдаткоўвалася шмат электрычнасці. Здабытай вадой карысталіся ашчадна: найперш для гатавання і піцця, потым – для палівання градак і толькі пасля гэтага – для мыцця ў душы па адным разе на ўмоўны тыдзень. Усё астатняе, у тым ліку пранне, рабілася праз прадзіманне.
Аквагенатар, адзін з шэдэўраў «Coböl Engineering», не павінен быў заставацца асноўнай крыніцай вады. Меркаваўся паступовы пераход на ваду з тутэйшага лёду. Гэта вымагала няпростай працы па-за межамі «прыстанішча». Праца ўскладнялася тым, што ад каманды засталося толькі два чалавекі. Руткоўскі ўсведамляў, з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца. Але крылы не раскапусціў – ведаў, што хоць і не крыжацкім наскокам, а паціху-патроху яны з Марынай зробяць усё патрэбнае.
Тэма не выходзіла ў яго з галавы і за гатаваннем аладак. Уяўляў, якой будзе на смак марсіянская вада. Думаючы пра адлогі лёду, Ягор нечакана злавіў сябе на міжвольным цытаванні Маркеса – не даслоўна, па памяці, але ўсё-ткі: «Міне шмат гадоў, калі палкоўнік Аўрэліяна Буэндыа, стоячы каля сцяны за чаканнем расстрэлу, успомніць той даўні надвячорак, калі бацька павёў яго глядзець на лёд».
– Што ты там мармычаш, любы? – пачуўся вясёлы голас Марыны, якая акурат кіравалася ў душ.
– Ды вось кажу, што без спасу кахаю адну дзяўчыну і неўзабаве пачастую яе сваімі фірмовымі аладкамі з джэмам пад кубак духмянай гарбаты на зёлках, – імгненна пераключыўся ён.
– Шанцуе ж гэтай дзяўчыне, – яшчэ больш развесялілася каханая. – А яе кот атрымае што-небудзь на сняданак?
Варгін адразу ж падаў голас і стаў церціся аб ногі мужчыны.
– Гэты