Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў. Яўген Аснарэўскі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў - Яўген Аснарэўскі страница 14
Самі паседжанні сейма часцяком напаўняліся звадамі, і палітычны працэс ішоў пад акампанемент мноства крыкаў разгарачаных шляхціцаў. Дадаткова ўскладняла гэтыя сесіі магчымасць выкарыстання знакамітага права «liberum veto», паводле якога любы дэпутат мог спыніць працу сейма, толькi па сваім жаданні. Некалькі парадаксальным, на гэтым фоне, выглядае захаванне дастаткова складанага цырыманіялу. Перад паседжаннямі адбывалася абавязковае набажэнства, шляхцічы агучвалi ўступныя прамовы, і нават рассаджваліся ўдзельнікі паводле іерархіі: на першых месцах у Сенатарскай залi сядзелі вышэйшыя царкоўныя саноўнікі, а потым ужо сенатары свецкія.
У Пасольскай iзбе паслы займалі месцы і галасавалі таксама ў пэўным парадку.
Старшынстваваў на сейме сеймавы маршалак. Для таго, каб суняць хаас, які напаўняў паседжанні, яму даводзілася прыкладаць немалыя высілкі. Тут маршалку быў вельмі прыдатны сімвал яго ўлады – жазло. Вільгельм Шлемюлер успамінае, як на гродзенскім сейме 1752 года, сеймавы маршалак, і радавіты гродзенскі шляхціц, Юзаф Андрыян Масальскі, стукаў жазлом па падлозе, патрабуючы цішыні.
Арыстакратычныя сем'і, як было сказана вышэй, абапіраючыся на сваю эканамічную моц, кантралявалі размеркаванне вышэйшых пасад, таму менавіта магнаты займалі iх.
Зрэдку да верхавіны шляхецкай іерархіі мог дабрацца і які-небудзь сярэдні шляхціц, да прыкладу, Андрэй, прадстаўнік гродзенскага роду Катовічаў, змог стаць кашталянам віленскім і, адпаведна, увайсці ў Сенат.
Сенатар і Смерць. Фрагмент палатна «Танец Смерці», манастыр брыгітак у Гродне, XVII—XVIII ст.
Паслы, якія, звычайна, прадстаўлялі не самыя бедныя, па мерках павета, сем'і, атрымлівалі інструкцыі ад свайго сейміка і павінны былі вырашыць мясцовыя пытанні на агульнадзяржаўным узроўні.
Часам шляхта магла аб'яднацца ў своеасаблівы саюз, закліканы забяспечыць інтарэсы шляхецкага саслоўя, так званую «канфедэрацыю». Зваліся канфедэрацыі, часцяком, па месцы стварэння.
Гародня з'яўлялася адным з самых папулярных месцаў для такіх саюзаў. У горадзе над Нёманам было створана некалькі канфедэрацый, у тым ліку і адно з апошніх шляхецкіх аб'яднанняў – Гродзенская канфедэрацыя 1793 года.
Шляхта ВКЛ магла звяртацца ў розныя суды, а працэсы ў іх нярэдка мелі палітычнае значэньне.
Дваранам, у тым ліку і гродзенскім, служылі, сярод іншых: асэсарскі, земскі, падкаморскі і гродскі суды. Кожны з іх меў пэўныя асаблівасці. Напрыклад, асэсарскі суд, ці інакш «асэсорыя», займаўся, апроч іншага, пытаннямі, якія былі звязаныя з каралеўскімі маёнткамі. Старшынстваваць там павінен быў канцлер ці падканцлер.
Вядома, што ў «асэсорыі», якая праходзіла ў Гродне ў 1751 годзе, старшыняваў князь Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі, падканцлер ВКЛ і гарадзенскі стараста.