Дараванне. Коллектив авторов

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дараванне - Коллектив авторов страница 17

Дараванне - Коллектив авторов Сучасная беларуская лiтаратура

Скачать книгу

паўтарыў я, зноў на яе мове, і не ўстрымаўся, застагнаў ад болю. – А ты?» Не прымаў агонь, пакуль яна не кіўнула галавой як быццам бы сцвярджальна – усё так жа моўчкі, апусціўшы вочы.

      Раніца. У вёсцы ніводнага жыхара. Ноччу ўсе сышлі. У лес. І Зося з імі. Камандзір айнзацгрупы рваў на сабе валасы ад злосці. Калі б ён ведаў, што гэта я іх папярэдзіў, мяне, напэўна, чакаў бы трыбунал».

      Галава цяпер па-сапраўднаму балела – пэўна, ад снатворнага, ад намаганняў разабраць незнаёмы почырк на чужой мове. Далей у дзённіку была вырвана старонка, а на наступнай ішлі кароткія адрывістыя фразы, напісаныя каравымі літарамі:

      «…трупы ляжалі ля пуні з раскрытымі насцеж дзвярамі… там, дзе іх расстралялі… так я ў апошні раз убачыў Зосю… і яе маці, і маленькага брата… вочы Зосі былі шырока расплюшчаны… і абсалютна пустыя… як неба, якое ў іх адлюстроўвалася… чорнае ад дыму… напэўна, яна нават не паспела спалохацца… або што-небудзь успомніць… мне сказалі, тое заслуга паліцэйскага з мясцовых, ён ведаў, як прабрацца на востраў у балоце, дзе жыхары вёскі звычайна хаваліся… потым я яго ўбачыў… увішны, з прылізанымі валасамі і маленькімі вусікамі, пукатымі вочкамі колеру рэдкае кавы… паліваў бензінам сцены пуні… ён і сёння стаіць перад вачыма… я пакляўся сабе, што высачу яго… я не мог пакараць іх усіх, сваіх і чужых… але я мог забіць аднаго…»

      Яна вярнулася ў спальню і затрэсла Ральфа за плячо: «Слухай, я зразумела, чаму Ганс увесь час уцякаў з дому! Твой бацька… давай забяром яго! Зараз жа! Я буду даглядаць яго сама!» Ральф, спрасонку вельмі падобны да бацькі, такі ж ускудлачаны, з памятым тварам, ледзь разляпіў павекі: «Навошта так спяшацца? Вечарам наведаем яго, о’кей?» – і зноў праваліўся ў сон. І яна, пастаяўшы хвіліну ля ложка, кінулася ў гараж. Стары «фальксваген» Ганса завёўся адразу. Яна паехала скрозь попельную імглу, паехала насустрач дажджу, і раптам узгадала, што забыла ўставіць кантактныя лінзы, – ай, як гэта нядобра, улічваючы, што машыну яна водзіць усяго толькі два гады, кіроўца з яе пакуль няважны, ну нічога, як-небудзь абыдзецца… Дождж ліў усё мацней і мацней, дворнікі не паспявалі за ім… паварот, зноў паварот, а цяпер уверх… асцярожна, не спяшайся… І раптам адчула, як задняе кола слізганула кудысьці ўбок, машыну пацягнула ўправа, да абрывістага схілу. Павольна, вельмі павольна, па сантыметры выварочваючы руль, яна вярнулася на шашу, пастаяла крыху і, аблізаўшы перасмяглыя вусны, рушыла наперад.

      …Насустрач ёй выкацілася рабаціністая і цемнавокая, падобная да каляднай булкі з разынкамі ды карыцай, медсястра. «Я прыехала да Ганса Краўза». – «Зараз час не для наведванняў, фрау Краўз. Вы можаце пабачыць спадара ўдзень, і ўрач павінен…» – «Я мушу ўпэўніцца, што з ім усё добра! Прапусціце мяне!» – «Руская эмацыянальнасць…» – «Я з Беларусі! Гэта не тое ж самае!» – «Прабачэнні…»

      Па калідоры ўжо ішоў дзяжурны ўрач з маскай ветлівага здзіўлення на твары. Зараз ён выслухае яе і не стане пярэчыць. Удвух яны паднімуцца да старога – у гэты час ён звычайна не спіць.

      «Паедзем дамоў», – скажа

Скачать книгу