Дараванне. Коллектив авторов

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дараванне - Коллектив авторов страница 15

Дараванне - Коллектив авторов Сучасная беларуская лiтаратура

Скачать книгу

каб выпіў: у такіх, як Ганс, вельмі хутка наступае абязводжванне. (Няўжо яна зараз сказала – «нашаму»?) Тут на адну медсястру дзесяць пацыентаў, паціскае плячыма ўрач, абед па чвэрці гадзіны на кожнага, калі хворы не спраўляецца, арганізуем штучнае харчаванне. Дык што, Ганса намераны карміць тут унутрывеннымі растворамі? І ці будзе хто-небудзь дзяжурыць ля яго па начах? «Справа вось у чым, гер доктар: ён баіцца заставацца адзін у цемры. Яму здаецца, што вайна ўсё яшчэ працягваецца. Вы разумееце? Яго пагналі сямнаццацігадовым у акупацыйную зону… (Ці яна гэта гаворыць?)» «Ну што ж, павялічым дозу мелперону», – ветліва-раўнадушна кажа ўрач. «Але ён і так прымае тры таблеткі штодня, больш не вытрымае печань!» Урач глядзіць на яе са здзіўленнем. Рана ці позна гэта ўсё роўна здарыцца, фрау Краўз.

      І сапраўды, ёй дык што за справа да гэтага старога, былога нямецкага салдата? Ці не яна яшчэ нядаўна хацела кінуць мужа, каб ніколі больш не бачыць Ганса бегаючым па дому ў мілітарысцкай кашулі, не чуць яго «Auf Wiedersehen… Auf Wiedersehen…»? Яна ж марыла здаць яго ў багадзельню! Няўжо яна даравала яму, былому акупанту? Насустрач Ларысе лядашчы стары старанна круціць рукамі колы інваліднай каляскі. Бачна, што намаганне даецца яму з цяжкасцю: маршчастая скура на шыі боўтаецца, як пустыя трыбухі, на руках успухлі жылы, па падбароддзі сцякае цурок сліны… Можа, дарэмна яны з Ральфам паспяшаліся? Трэба было для пачатку паспрабаваць прывязваць Ганса на ноч да ложка поясам. Бо яны ж купілі пояс, прызначаны спецыяльна для такіх хворых. «Паварочвацца з боку на бок ён зможа, нават сесці, калі вельмі пастараецца, але ўстаць – ні ў якім выпадку, – сказаў уладальнік магазіна. – Можна, дарэчы, зрабіць і так, каб хворы ляжаў і не мог варухнуцца, пояс прадугледжвае і гэтую магчымасць. Крычаць, вядома, пояс яму не перашкодзіць, але на гэты выпадак у нас ёсць цудоўныя берушы – зразумела, не для яго, а для вас, ці жадаеце зірнуць?» «Не, не трэба», – сказала яна тады, а ўяўленне (яе клінічна абвостраная ўразлівасць) адразу ж намалявала ёй гэты пояс як прадукт удасканалення традыцыйных прылад катавання. Хвароба Альцгеймера зараз вельмі распаўсюджана, уздыхнуў уладальнік магазіна, мае бацькі – абое, і маці маёй жонкі таксама… зразумела, усе яны ў дамах састарэлых, іх там добра даглядаюць.

      Узгадаўшы тую размову (вось, немцы аддаюць сваіх блізкіх, а ён табе хто?), яна крыху супакоілася і ўпэўнена ўвайшла ў маленькі пакойчык з драўляным ложкам і стракатымі фіранкамі на вокнах. Цяпер гэта будзе Гансаў пакой. Магчыма, апошні ў яго жыцці. Іншага ён не ўбачыць. Яна ўзяла старога за руку і павяла, і ён паслухмяна пацягнуўся следам, шоргаючы тапкамі. Перад дзвярыма спыніўся, зірнуў на яе запытальна, а яна, схаваўшы збянтэжанасць, усміхнулася яму падбадзёрваюча – навошта ж палохаць хворага? «Ну вось, Гансік. Уладкоўвайся, адчувай сябе, як дома. Тут ты будзеш цяпер жыць. Тут добра. Цябе будуць даглядаць. Бачыш, які прыгожы краявід за акном? Ты зможаш любавацца кветкамі, вось толькі за агароджу выходзіць табе нельга. Ніякіх далёкіх прагулак!

Скачать книгу