Закон захавання кахання. Зінаіда Дудзюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Закон захавання кахання - Зінаіда Дудзюк страница 7
Ля царскіх палатаў
Ёсць Лобнае месца,
Дзяржаўнаахоўнае,
Любасць турыстаў,
Стаіць, быццам новае,
Год, можа, трыста…
Дастала нататнік, паспешліва запісала першыя радкі, што прыйшлі самі сабою, дапісаць верш вырашыла пазней у інтэрнаце. Згадаліся падзеі Смутнага часу, калі ў Маскве загінула шмат ліцвінаў. І падумала, ці не ў гэтым храме вянчаўся Ілжэдзімітрый з Марынай Мнішак, калі яна была прызнана расійскаю царыцаю. Праўда, праз некалькі дзён успыхнула змова на чале з Шуйскім і ўсё змянілася на працягу нейкай гадзіны. Труп забітага Дзімітрыя пакінулі на Чырвонай плошчы для здзекаў, можа, недзе тут і ляжаў, а Марына апынулася ў палоне. Ёй яшчэ пашанцавала, што здолела схавацца ў першыя хвіліны дзяржаўнага перавароту пад спадніцу сваёй ахмістрыні, калі раз’ятраны натоўп уварваўся ў царскія палаты. Таму і выжыла. А потым стала паланянкаю разам з бацькамі і мноствам іншых ліцвінаў і палякаў, якія ацалелі ў той жудаснай бойні, калі Васіль Шуйскі расчышчаў месца для ўласнага царавання.
Ада падумала, што варта пашукаць матэрыялы, якія датычацца тых падзей, ды напісаць нарыс або нават паэму. Не, бадай, гэтая гісторыя, калі грунтоўна яе вывучыць, пацягне на раман не толькі пра Марыну Мнішак, маленькую жанчыну, якая выправілася замуж у чужую краіну, каб кіраваць ёю, стала царыцаю, а потым давялося перажыць жудасныя мітрэнгі і разам з маленькім сынам вытрываць катаванні і прыняць жудасную смерць, а найперш патрэбна адлюстраваць адносіны Расіі і Вялікага Княства Літоўскага.
«Ну вось, выправілася на шпацыр з добрым настроем, але зноў развярэдзіла душу даўнімі гістарычнымі падзеямі, якія датычыліся суайчыннікаў, – міжвольна падумала Ада. – Нельга чалавеку адначасова жыць у мінулам і цяперашнім часе, ды яшчэ прымаць усё блізка да сэрца. Вельмі цяжкая справа. Хоць без гэтага сардэчнага болю немагчыма спасцігнуць сапраўдную сутнасць падзей, што адбыліся некалькі стагоддзяў таму, зразумець учынкі людзей, мэты і памкненні, якія рухалі імі. Але годзе ўжо на сёння ўражанняў. Трэба вяртацца ў інтэрнат, павячэраць ды класціся спаць».
4
Увечары Ада прымасцілася ля акна, доўга пазірала на Астанкінскую вежу, якая высока ўздымалася над шчыльнаю забудоваю і свяцілася чырвонымі агнямі. Сачыла за чародкаю гарадскіх галубоў, што ў добра асветленым горадзе не спяшалі на спачын, а ўсё яшчэ прыляталі на дах пяціпавярховага дома насупраць, садзіліся, а потым зноў некуды ляцелі. Мусіць, яны прызвычаіліся жыць у вялікім горадзе і, пакуль хадзілі па вуліцах людзі, вышуквалі сабе нейкую спажыву.
Перад паездкаю ў Маскву Ада паабяцала сабе: не будзе ні шкадаваць аб мінулым, ні згадваць яго. Што было, тое мінула. Ды перажытае міжвольна вярталася, авалодвала настроем, перад вачамі ўсплывалі нейкія малюнкі, дыялогі, якія яна доўжыла і доўжыла, разважаючы з сабою ці з ім, Касьянам.
У іх сустрэчы было нешта містычнае.