Албанскае танга. Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў страница 5
– Ты што, заснуў? – нехта кратае мяне за плячук.
Я расплюшчваю вочы. Увесь кляс запытальна, нават з трывогай, глядзіць на мяне і я адчуваю на лобе дотык сухой і халоднай рукі.
– Э-ээ, браток, дык у цябе тэмпэратура, – прамаўляе Пятровіч, – давай хутчэй дадому, у пасьцель.
… На першым паверсе мяне сустракае неспакойны дырэктаравы голас:
– Загадчыца сталовай усё перагледзела: нічога не прапала…
Іншым разам я б прыхаваўся, каб не патрапляць дзерыку на вочы, але цяпер, не чуючы ног, шыбую па калідоры да шатні. Бздунчонак, на шчасьце, мяне ня бачыць: ходзіць на пару з мажным міліцыянтам, тузае зачыненыя на зіму вокны.
У шатні доўга шукаю сваю куртку і напаўголаса, сасьмяглымі вуснамі шапчу: «Толькі б не памерла…»
Ключ доўга не патрапляе ў шчыліну, нарэшце скрыгоча ў замку, я налягаю на дзьверы, скідваю куртку і, ужо амаль непрытомны, валюся на канапу. Канапа круціцца пада мною, дыван на сьценцы разьліваецца страшнай плямай, замарачна дрыжыць і мяне цягне на ваніты. Але самае страшнае – гэта дрыжыкі. Мяне калоціць як мае быць, нават сківіцу курчыць. Нацягваю коўдру да падбародзьдзя, потым накрываюся з галавой. Ляжу хвіліну і вокраччу паўзу ў спальню, сьцягваю коўдру з матчынага ложку…
Коўдры ціснуць грудзіну, стрымліваюць дыханьне, але паратунку няма: мяне па-ранейшаму трасе.
У галаве злым вятрыскам праносяцца карцінкі учорашняга дня, пакідаючы ў душы дакор і шкадаваньне. Учора ў нас была фізкультура. Наш 9-ты «А» маршыруе па залі і мы зь Мішкам раз-пораз азіраемся на Ленку Новікаву. Нізкарослая таўстуха адстала ад шыхта, і тупае, махаючы рукамі не ў такт хадзе. Мішка Дасюлін таксама пачынае махаць рукамі неўпапад нагам і Вакзал дзьме ў сьвістульку, загадваючы ўсім спыніцца.
– Новікава, колькі разоў паказваць?! Правая нага ідзе ўгору, абедзьве рукі ідуць управа, левая нага ідзе ўгору, рукі ідуць улева…
Расплюшчваю вочы… столь над галавой падае на мяне, я ўлякнута зьмежваю павекі і бачу школьны калідор, але ня наш, а той, маскоўскі… у канцы калідора кволіцца жоўценькая лямпачка… я іду ў той бок, намагаючыся не рыпець масьніцамі, і там, у цьмяным сьвятле, бачу драўляную, падобную на ночвы, труну і сівыя пасмы нябожчыцы, што віснуць да падлогі… чаму ў вахцёркі такая несамавітая труна? – віруе ў галаве страхотная думка, і тут жа згадваю, што гаротніца атрымлівала калгасную пэнсію і на лепшую грошай не сабрала…
Нізкая столь ляціць на мяне, я прыхопліваюся і не разумею: дзе я і што са мной? Сэрца парывіста клякоча ў горле, само горла перасохла і галава расколваецца ад болю. Мне горача. Я сьпіхваю зь сябе цяжар коўдраў, расшпільваю пінжак, потым кашулю і хворую чмуру разьвейвае панічны матчын голас:
– А дзетухна… а што з табой? – маці стаіць, сашчапіўшы рукі, а ўбачыўшы, што я жывы, зьнясілена аддзімаецца. – Гляджу – дзьверы расчыненыя і куртка ляжыць на падлозе… Ледзь не самлела зь перапуду…
Маці