Албанскае танга. Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў страница 6
– А хто гэта да дзядзькі Пятра прыходзіў? – пытаюся я, згадаўшы бацькавы словы. – Старэйшага матчынага брата таксама пахавалі перад вайной: патануў у возеры.
– Хто прыходзіў… – маці чарговым разам ўздыхае, – савецкая ўлада прыходзіла. Ды ён жывым ня даўся: зарэзаўся нажніцамі.
– Як зарэзаўся? Ты ж казала – патануў.
Маці моўчкі лашчыць мяне па галаве.
– А што ён такога зрабіў? Ну, вершы пісаў…
– Таму і прышлі, што пісаў… ды яшчэ па-беларуску, – маці падхопліваецца на ногі, – у мяне ж на пліце ліпавы адвар выкіпае!
Вось яно як… летась мы зь Мішкам урокі белмовы зрывалі, а мой дзядзька, аказваецца, праз тую мову загінуў. Гэта што такое трэба напісаць, каб тыцнуць у сэрца нажніцамі?
Я ляжу з заплюшчанымі вачамі і з адчуваньнем, што лепшы сябар Мішка зьнянацку аддаліўся, счужанеў і што нейкая глыбокая, напоўненая іржавай вадой мяжа аддзяліла мяне ад усяго мінулага жыцьця. У тым мінулым бесклапотным жыцьці засталіся Мішка Дасюлін, савецкая ўлада, кастрычніцкія транспаранты, Тэлесфор Данатавіч Дунчонак, наша клясная, Надзея Мікітаўна Ёнас, і ўсе астатнія настаўнікі… Хаця не, ня ўсе… Пятровіч! Вось хто мог бы стаць дырэктарам школы! Той бы ніколі не ганяў за даўгія валасы. Але ж хто яго паставіць?… Штосьці каротка рыпнула, і мне падалося, што гэта, зманліва і таямніча, адчынілася брама будучыні. Але насамрэч гэта маці, выходзячы з кухні, скрыпнула дзьвярыма.
– На, выпі, – матчына далонь падбіваецца пад патыліцу, я глытаю цеплаваты адвар і ён ценькім цурком ліецца ў вушы. – Ліпа зь мёдам… адразу палягчэе.
Заўтра Галуза з Шутовічам зноў узьлезуць на пажарную лесьвіцу. Калі не заўтра дык пасьлязаўтра Бздунчонак іх перахопіць. Пагоніць, відаць, са школы. А калі яшчэ вахцёрка памрэ… Я страсянаю галавой, адганяючы страшную думку… Да вакацыяў засталося два дні. Магчыма, дзерык і не злапае чувакоў; пасьля вакацыяў люк зачыняць на замок і пра Мішкаву вандроўку ўсе забудуцца – з гэтай шчаснай думкай камнем панурваюся ў вір трывожнага сну; і вось ужо бачу школьны дворык і чую тужлівы гуд машыны… па гуку пазнаю разьдзяўбаны Газ-51, на якім дзесяціклясьнікі вывучаюць аўтасправу, і які штодня езьдзіць па школьным двары… мутны чад засьціць вочы і немагчыма ўгледзець – хто гэта там едзе ў кодабу машыны… выціраю вочы далонямі і пазнаю Бздунчонка… «газон» павольна едзе па двары… я сыходжу ўбок, каб даць яму дарогу і ў гэтае імгненьне дзерык стукае кулаком па кабінцы і, выставіўшы руку, гарлае: – Вунь яны!.. толькі цяпер заўважаю Галузу з Шутовічам, якія ўзьбіраюцца па пажарнай лесьвіцы… нечакана Галуза, што ўздымаецца першым, зрываецца, ляціць долу… я спалохана ачомваюся і грудзіну кранае прыкры холад… Пануе ціша, ад якой закладае вушы і кружыцца галава. У мяне такое адчуваньне, што я лячу на арэлях.
– Ма!
– Што, дзетухта! – маці, у сваёй падзёртай начной кашулі, падбягае да канапы, мацае маю вільготную чупрыну. – Увесь жа ж мокры… зараз цябе пераапрану.
– Ну, як ён там? –