Албанскае танга. Вінцэсь Мудроў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў страница 9
«Калі б вы ведалі, як прыемна пачуць тут, у богам забытым Азярышчы, клясычны basso cantante», – паведаміла Нінэль Іванаўна, не даючы рады ўтаймаваць душэўнае хваляваньне. Уладальнік клясычнага басу кіўнуў на знак падзякі, прапанаваў выпіць зь ім на брудэршафт, але тут жа быў узяты жонкай пад руку і адведзены ад стала.
Праз пару дзён яны сустрэліся на вуліцы.
«Вы нават не ўяўляеце – як я рада вас бачыць», – яшчэ здаля выгукнула Нінэль Іванаўна, перабягаючы дарогу, а калі сьпявак, азірнуўшыся, прыклаўся вуснамі да яе рукі, здрыганулася ад захапленьня.
Размова у іх, аднак, не заладзілася. «Ну, сьпяваў калісьці… у Казанскай опэры», – выдыхнуў, з сарамлівай гіморай на вуснах, опэрны расстрыга. «Скажыце, Рэм Ісаевіч, а якая была ваша апошняя партыя?» – не сунімалася загадчыца Дома культуры, і сьпявак, згадаўшы Міракля з «Казак Гофмана», усё з той жа сарамлівай гіморай папрасіў пазычыць яму тры рублі…
Дзьверцы ціха бразнулі і Нінэль Іванаўна, разганяючы дрымоту, правяла рукой па твары.
– Спаў, – каротка заўважыў вадзіла. Прыпаліўшы прыгаслую папяросіну, хлопец імклівым рухам працёр анучкай запацелае шкло. – Учора ўзяў лішку, цяпер устаць ня можа, – хлопец зацягнуўся папяросай і разам з дымам выдыхнуў: – Ксеня лаецца. Ня сёньня, дык заўтра пагоніць небараку.
Нінэль Іванаўна заклапочана паглядзела ў акно.
Зь весьніц Ксенчынага двара паважнай хадою выйшаў белы певень. Агледзеўшы круглявым вокам запыленую «Кубань», ён выцягнуў шыю, зьбіраючыся засьпяваць, ды тут у хлеўчуку, што стаяў ля хаты, залапаталі крылы, пачулася кудахтаньне, і певень, страсянуўшы віслым грэбнем, стаў тураваць чубатцы. «Куд-куд-куд-куда-а! Куда!» – загарлалі певень з курыцай, прычым гэтае самае «Куда-а!» гучала ў разнабой і Нінэль Іванаўна з прафэсійным дакорам хітнула галавою.
Кудахтаньне спарадзіла ў душы неспакой; неспакой – трапяткі і халодны – паблукаў пад дыхніцай, засяродзіўся ў грудзіне і неўзабаве вырваўся адтуль парывістым уздыхам. Нінэль Іванаўна тарганула пальцам, паказваючы вадзілу, каб той пасыгналіў, і навакольле пакрыў натужлівы зык. Ксенчын певень пры гэтым пакінуў кудахтаць, а калі аўтамабільная гудзёлка аціхла, махнуў крыламі і нема галёкнуў.
– Во ў каго галасіна, – кіроўца апусьціў шкло і жартам гукнуў пеўню: – Давай, Пятро, з намі… на конкурс мастацкай самадзейнасьці. А то там усе безгалосыя…
Певень у адказ натапырыўся, а з Ксенчынага падворку пачуўся сіплавата-непракерханы голас Рэма