Дзікія кошкі Барсума. Генадзь Аўласенка

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дзікія кошкі Барсума - Генадзь Аўласенка страница 11

Дзікія кошкі Барсума - Генадзь Аўласенка Дзікія кошкі Барсума

Скачать книгу

позіркам, нават тады рабочая жонка не апусціла звыкла галаву, яна нават позірка ўбок не адвяла.

      Кароткае пачуццё палёгкі з прычыны таго, што жонка ўсё ж засталася жывой, зноў змянілася ў О’Ніла новым прыступам гневу. Тым больш, што акінуўшы беглым позіркам кухню, ён убачыў, што гэтая лянівая дрэнь не пачала прыбіраць нават тут!

      Ну, гэта ёй дарма не пройдзе!

      Нейкі папераджальны ўнутраны голас нібыта шапнуў фермеру, што лепш бы яму зараз устрымацца ад крайніх мер, пачакаць рамонтную брыгаду – няхай спярша прывядуць жанчыну ў парадак. Тым больш, што ў ягоным цяперашнім раз’юшаным стане не так проста ўтрымаць сябе ў рамках дазволенага. А што, калі ён і на гэты раз не зможа стрымацца і зноў заб’е жонку да смерці! Забойства двух рабочых жонак на працягу такога кароткага тэрміну ФІРМА можа і не зразумець…

      Магчыма, О’Ніл усё ж прыслухаўся б да пераканаўчых довадаў унутранага свайго голасу і, сцішыўшы гнеў, адклаў расправу на будучыню, але тут ягоны позірк нечакана спыніўся на крэсле, любімым ягоным крэсле з бялюткай палатнянай накідкай зверху. Накідка крэсла не выглядала зараз бялюткай: на яе пакамячанай паверхні бачны былі шматлікія крывавыя плямы, і гэта магло азначаць толькі адно…

      – Ты сядзела ў маім крэсле?! – павольна, нібыта не верачы ўласным сваім вачам, прагаварыў О’Ніл, вялізныя кулакі фермера сціснуліся так, што пазногці глыбока ўпіліся ў далоні, чаго О’Ніл, здаецца, нават не заўважыў, настолькі ён быў раз’юшаны. – Як жа ты пасмела туды сесці, дрэнь?!

      Калі адкінуць у бок інтанацыі, гэта ўсё ж было пытанне, а на любое з пытанняў рабочая жонка павінна хоць штосьці ды адказаць. У крайнім выпадку – упасці на калені і прасіць аб літасці. Але рабочая жонка О’Ніла і на гэты раз нічога не адказала мужу, яна нават не варухнулася… больш таго, жанчына ўсё працягвала і працягвала глядзець на О’Ніла сваім новым, дзіўна-незнаёмым немігаючым позіркам.

      Гэты яе позірк быў бадай што самай апошняй кропляй, якая ўсё ж перапоўніла чашу цярпення фермера. Люты гнеў, які ахапіў яго зараз, не даваў магчымасці ўжо ні думаць, ні цвяроза разлічваць наступствы сваіх учынкаў. Чорт з імі, з гэтымі цяльпухамі-рамонтнікамі, якія ўсё ніяк не могуць своечасова прыбыць… чорт з ёй, з іх занюханай ФІРМАЙ! Няхай гэтая паршывая кантора наложыць на яго буйны штраф за паўторнае забойства жонкі, няхай прымусіць купляць наступную жонку за яе поўны і нават завышаны кошт… няхай будзе, як будзе, але зараз ён прымецца збіваць гэтую лянівую дрэнь да таго часу, пакуль яна, енчучы ад болю і жаху, не запросіць аб літасці! Толькі ў такім выпадку будзе ў яе шанц застацца жывой… ва ўсялякім жа іншым выпадку…

      Што ж, тым горш для яе!

      Цяжка ступаючы, О’Ніл падыйшоў да жонкі ўшчыльную.

      – Ну, трымайся, паскуда! – прахрыпеў ён прама ў твар жанчыны, марна стараючыся адшукаць зараз на прыгожым гэтым твары хоць нейкі цень спалоху альбо нават разгубленнасці. – Зараз табе будзе вельмі кепска!

      Пудовы кулак фермера са свістам прарэзаў паветра.

Скачать книгу