.
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу - страница 5
“Згодная, – кіўнула Лёся. – Усход ад гэтага мэрыдыяну мой!” І яны ўпалі на калені, раскрыўшы раты, і папаўзьлі кожнае ў свой бок.
…Маю сястру зьелі ваўкі, сказаў Лёччык апошні раз і адплюшчыў вочы. І тут жа страшная зялёная сіла зьбіла яго з ног, і ён паваліўся тварам у мох, а яна біла яго пяткамі і пальцамі ззаду сьціскала горла. Здымі, прахрыпеў ён.
“Гэта цябе зьелі, зьелі і выплюнулі, – сказала Лёся, цяжка дыхаючы, але паслабляючы нарэшце хватку. – Ты ўвесь у ваўчынай сьліне. І ў страўнікавым соку. Напаўператраўлены, абгрызены, мокры. Фу!”
“Сама ты мокрая! Ты вечна мокрая!” – прамармытаў Лёччык. Здаровая якая сястра, як наваліцца – дык адчуваньне, быццам жыўцом цябе закопваюць. Гэта ўсё лягер. Вітаміны. Сьвежае паветра.
“Паглядзі, што ты мне тут панапісвала!” – закрычаў ён, а лес узяў ягоныя словы і панёс кудысьці, быццам Лёччык нічога не казаў. Аддай мне голас, лес. Аддай мне лес, голас.
“Што? Дзе?”
“Вось, тут”, – і ён паказаў на сваю футболку. На ёй і праўда густа сінелі адбіткі Лёсіных пальцаў, носа і нават вуснаў. Нібыта і праўда яна нешта напісала на белай тканіне футболкі зь дзіркай на плячы. Нейкі даўгі сказ незразумелымі, таямнічымі знакамі.
“Так ужо і не зразумелымі, – прамовіла Лёся, прыглядаючыся. – Глядзі, вось тут у мяне атрымалася “б”. А гэта можна прыняць за лацінскае “s”. Гатычным шрыфтам. А тут ужо нейкая глаголіца…”
“Трэба будзе расшыфраваць, – сказаў Лёччык. – Здаецца, мяне зараз званітуе”.
“Ташніт, – засьмяялася Лёся. – На Языку гэта называецца: у цібя ташніт”.
“Не ў цібя, а цібе, – няўпэўнена сказаў Лёччык. – Але я таксама напішу штосьці ў цябе на майцы. Бо ты вось якая чыстая…”
“Ні халеры ня чыстая, – сказала Лёся. – Але пішы, браце мой ташніт, пішы”.
І ён расьціснуў у пальцах жменю чарнічын, з роспаччу думаючы, што іх зусім не паменела на гэтым узгорку пасьля іхнага ўварваньня, расьцёр іх, так што пальцы зрабіліся аж чорныя, сеў перад ёй і пачаў пісаць на Лёсінай футболцы, проста на грудзях і жываце.
“Пра ваўкоў пішаш? – спытала абыякава Лёся, адкінуўшыся на сьпіну і заплюшчыўшы вочы. – Як жа ў жываце цяпер бурчыць…”
“Ага, – сказаў заклапочаны працаю Лёччык, не падымаючы вачэй. – Усё”.
Ён працягнуў ёй руку, і яны падняліся. Пахла блізкім балотам, смачна, як абедам на лягернай кухні. Недзе там, дзе віліся камары, снуючы ў паветры сваё воблака, быў шлях да машыны. Яны прайшлі скрозь камароў, нібы скрозь дым, прыплюшчыўшы вочы, потым пастаялі крыху пад сонечным промнем, які біў проста з найбліжэйшага куста, затым стомлена пацягнуліся па сьцяжыне і выйшлі нарэшце зноў на дарогу, да машыны.
Каця і бацька ўсё яшчэ былі там. Каця прыціскалася шчакой да