Дзеці Аліндаркі. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахарэвiч страница 6
“Лёч-чык! Лё-ся-а-а!”
“У іх галасы, як у Важатых, – сказаў Лёччык, паскараючы крок. – Асабліва ў гэтай, з жоўтымі валасамі”.
І тады Лёся засьмяялася. Яна даўно не сьмяялася. І лес засьмяяўся разам зь ёй.
2. У трактарыста было шэсьць пальцаў
У трактарыста было шэсьць пальцаў. Ці то на правай руцэ, ці то на левай, бацька ўжо ня памятаў. Пяць нармальных, як ва ўсіх людзей, з бліскучымі, чорнымі пазногцямі, цьвёрдымі, як алмаз – а за валасатым мезенцам рос яшчэ адзін, маленькі, худы, сінявата-бледны, які тырчаў убок, і пазногаць на ім быў зусім малюсенькі, белы, дагледжаны. Бацька ня мог адвесьці позірку ад гэтага дадатковага, бонуснага пальца. Па ўсім было відаць, што трактарыст ня можа ім варушыць. Бескарысны, прыгожы, жаноцкі палец. Вырас на руцэ ў чалавека, як пустазельле. Можа, і ня палец зусім, а нейкі нарост. Бацька намагаўся не глядзець на той шосты палец – і ўсё роўна глядзеў, як загіпнатызаваны.
Трактар зьявіўся перад імі на дарозе, як здань. Намаляваўся ў паветры і спыніўся проста перад іхнай машынай. Трактарыст не выходзіў з кабіны, глядзеў на іх з Кацяй, чакаў. Да трактара быў прычэплены даўгі пусты кодаб, у якім, відаць, трактарыст вазіў бярвеньне. Бацька кінуўся да кабіны, замахаў рукамі – і толькі тады трактарыст нехаця зьлез, безь ніякай цікавасьці выслухаў таропкія бацькавы тлумачэньні, палез назад, пачаў размотваць трос. Трактарыст не глядзеў на бацьку, толькі на Кацю, нядобра так паглядаў, насьмешліва, а бацька глядзеў на палец і нічога ня мог з сабой зрабіць. Седзячы на пні, Каця ўтаропілася ў лес, і яму гэта не падабалася. Бацьку хацелася расказаць ёй пра палец. І так і карцела спытаць у трактарыста, як яму жывецца з такім атожылкам на руцэ.
Калі б трактарыст жыў у горадзе, ён мог бы запісацца на апэрацыю. Лішні палец адрэзалі б, на руцэ застаўся б шнар. Але ніхто не глядзеў бы табе на рукі, быццам ты цуд прыроды. Езьдзяць жа і такія трактарысты ў сталіцу. Ходзяць па праспэкце, тоўпяцца на рэчавых рынках, фатаграфуюцца каля помнікаў, заказваюць два па сто і піва ў самых пошлых шынках. Пахнуць недамытай акуратнасьцю. Чаму ён не абрэжа гэты абрубак? Задорага? Баіцца хірургаў? А ты не баішся? А ты лёг бы пад ножык? Адкладае на потым, на заўтра, на канец жыцьця? Ці – ганарыцца ўпотай? Бо трэба ж хаця б чымсьці быць непадобным да іншых? Карцінкай у шкле кабіны: ва ўсіх там бабы голыя, а ў яго – партрэт каратыста з чорным поясам?
А можа, ён ужо наважыўся. І заўтра, колючы дровы, прыме сто грам, закусіць цёплым, намазаным сонцам памідорам, пакладзе палец на бервяно, адвядзе вочы і – усё. Толькі мянушка застанецца.
“Што? – сказаў трактарыст, папляваўшы на далоні. – Панясьлісь?”
Трактарыст закурыў, стоячы на падножцы, трактар запыхкаў, загуў, аб’ехаў машыну, ломячы кусты. На тое, каб падчапіць іх, разьвярнуць і дацягнуць да бліжэйшае вёскі, пайшла цэлая гадзіна. Пра дзяцей, пра тое, як ён і Каця некалькі гадзін блукалі па лесе і, забыўшыся на асьцярожнасьць, сарвалі сабе галасы, пра тое, як заблудзілі і ім самім давялося шукаць машыну, бацька трактарысту нічога не сказаў. І