Дзеці Аліндаркі. Альгерд Бахарэвiч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дзеці Аліндаркі - Альгерд Бахарэвiч страница 10
“Што?”
“Мне падалося, ён пісаў не пра мяне. Па нейкую іншую дзяўчынку. І пра іншую краіну. Не пра тую, адкуль я прыехала. Напэўна, хаваўся”.
“Зразумела”, – сказаў яе жаніх досыць няўпэўнена.
“І там чамусьці няма ні слова пра майго брата. Калі хочаш, я табе пачытаю. Гэты тэкст у мяне заўжды з сабой. Хочаш? Праўда, гэта будзе пераклад. А пераклад – гэта помста мове за тое, што яна нарабіла… За яе бясконцасьць і за яе магутнасьць”.
“Нешта я зноў цябе не разумею. Па-нашаму нельга так сказаць. Сьмешна гучыць. Помста мове. Ха-ха. Прабач”.
“Калі б ты меней сьмяяўся, дык, можа, больш зразумеў бы. Слухай. Будзе цяжка, але я паспрабую табе перакласьці”.
3. Як і большасьці дзяўчатак у гэтым узросьце, ёй ня надта падабаецца яе імя
“Як і большасьці дзяўчатак у гэтым узросьце, ёй ня надта падабаецца яе імя. Прызналася мне надоечы за сьняданкам, апусьціўшы вочы, запіхнуўшы за шчаку ладны кусман бутэрброда з арахісавым маслам. Я ўсё жыцьцё чамусьці думаў, што яно салодкае, як мёд – усё з-за цукерак грыльяжных, якія так любіў у дзяцінстве (часам, калі ясі гарачае, здаецца, тыя арэхі дагэтуль тырчаць у зубах). І вось яго пачалі прадаваць і ў нас. Дурны мужык, як варан. Яно ж салёнае, гэтае масла, салёнае, быццам шпроты ў цукры. А яе вось хлебам не кармі – дай паласавацца. Хітрая.
Сьнедалі таропка, як заўсёды. Грымела музыка, мы заўжды гучна ўключаем музыку, калі хочам пагаварыць, музыку бяз словаў – і тут яна прызналася мне, што хацела б, каб яе звалі зусім, зусім іначай. Яна гаварыла з поўным ротам, гаварыла, плакала і жавала, бо і не прызнацца не магла, і страшна было, а калі пражоўваеш словы, то і адказнасьць за іх нібыта ўжо меншая. Толькі дзеці гэтак умеюць. Так і не сказала, якое з імёнаў падаецца ёй прыгожым. Але я бацька, я ведаю і безь яе, мне паложана. Ведама ж, яна хацела б, каб яе звалі… Ну, напрыклад, Ярына. Ці Карына. Ці Аксана. Красанна. Сьняжана. Крака-срака-жана. Язык зламаць можна. Вымаўляючы іх, як ніколі выразна адчуваеш, што яны – ня нашы, адчуваеш, як супраціўляецца ім артыкуляцыйны апарат, які ў нас генэтычна не наладжаны на аднаўленьне такіх грубых нотаў. Не прыстасаваны да вымаўленьня ўсіх гэтых неймаверных, чужацкіх, пошлых – не, не імёнаў: мянушак, прыдатных хіба для таго, каб клікаць сабакаў. Мяне ажно перасмыкае, калі я ўяўляю сабе, што яна, мая дзяўчынка, мая сіямская Сіа з цудоўным папірусам у тонкіх руках, магла б бегчы да мяне па вуліцы гэткай карынай на камбікорме, гэткай сьняжанай з адкрытай усім вятрам шыяй, гэткай аксанаю ў аксаміце. Не бываць гэтаму. Я сказаў.
Я, бацька.
Я памятаю, як я даў ёй імя. Гэта было прынцыповае пытаньне, каб яно трапіла ў пашпарт менавіта ў такім выглядзе. Тады нам з табой здавалася, што толькі такім чынам, нікога не баючыся, яна, Сіа, зможа данесьці свой папірус – з гонарам, не хаваючыся ні ад кога. Цяпер я быў бы больш асьцярожны. Але тады я прыехаў, поўны рашучасьці і нейкай надта